Старонка:Домбі і сын.pdf/597

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

раючы на яе і на яе дзяцей, тым больш ён будзе раскайвацца, успамінаючы сваю ролю ў гэтым страшным сне — нашым сумесным жыцці. Тады я пастараюся дараваць яму яго віну. Няхай ён пастараецца дараваць мне маю!

— О, мама! — усклікнула Фларэнс. — Цяпер, калі я пачула гэтыя словы, мне значна лягчэй стала на сэрцы, нават не гледзячы на такую сустрэчу і разлуку!

— Так, гэтыя словы гучаць дзіўна і ў маіх вушах, — сказала Эдзіт, — і яны ніколі не зрываліся з маіх вуснаў! А цяпер бывайце, любая мая.

Яна моцна абняла яе і, здавалася, выявіла ёй усю любоў і пяшчотнасць, што накапіліся ў яе жаночай душы.

— Гэты пацалунак перадайце вашаму маленькаму! А гэтыя пацалункі — вам, замест благаслаўлення! Любая, дарагая мая Фларэнс, ненаглядная мая дзяўчынка, бывайце!

— Мы яшчэ сустрэнемся, мама? — усклікнула Фларэнс.

— Ніколі! Ніколі! Калі вы пакінеце мяне тут, у гэтым цёмным пакоі, думайце, што вы пакінулі мяне ў магіле. Памятайце толькі — калісьці я жыла на свеце і любіла вас!

І Фларэнс, не бачачы больш яе твара, але да апошняй хвіліны адчуваючы яе пацалункі і ласкі, рассталася з ёю.

Стрыечны брат Фінікс сустрэў яе ля дзвярэй і правёў у панурую сталовую, і яна, заліваючыся слязмі, схіліла галаву на плячо Уолтэра.


РАЗДЗЕЛ LXII

Заключны.

Бутэлька, якая даўно не бачыла дзённага святла і пасівела ад пылу і павуціння, выцягнена на сонечнае святло, і залацістае віно ў ёй кідае вобліск на стол.

Гэта апошняя бутэлька старой мадэры.

— Ваша праўда, містэр Джылс, — кажа містэр Домбі, — гэта рэдкаснае і надзвычайнае віно.

Капітан, які пры гэтым прысутнічае, ззяе ад радасці. Яго ўспалёнае чало сапраўды акружана арэолам узрушання.

— Мы даўно ўжо далі адзін другому слова, сэр, — робіць заўвагу містэр Джылс, — я кажу пра Нэда і пра сябе самога…

Містэр Домбі ківае капітану, які ў маўклівай узрушальнасці ззяе ўсё больш і больш.

— … што разап'ем гэту бутэльку неўзабаве пасля шчаслівага звароту Уолтэра дадому, хоць аб такім звароце мы не думалі. Калі вы не пярэчыце супраць нашага даўнейшага дзівацтва, сэр, вып'ем гэты першы бакал за здароўе Уолтэра і яго жонкі!