Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нуў гаспадар двара. — Хіба ты не бачыш, злодзей, што гэтая кроў і гэты фантан не што іншае, як падраныя бурдзюкі і чырвонае віно, затапіўшае пакой? Хацеў-бы я ўбачыць плывучай у пекла душу таго, хто працяў мае бурдзюкі.

— Нічога не ведаю, — адказаў Санчо, — ведаю толькі: я буду такім няшчасным, калі не знайду гэтай галавы, бо маё графства знікне, як соль у вадзе.

Санчо нясонны быў горш за свайго пана соннага — так моцна авалодалі ім абяцанні, дадзеныя яму Дон-Кіхотам. Гаспадар двара вельмі раззлаваўся, убачыўшы спакой зброеносца і беды, зробленыя яго панам. Ён кляўся: не быць ужо таму, што здарылася ў мінулы раз, калі яны паехалі, нічога не заплаціўшы. Цяпер ніякія прывілеі рыцарства не пазбавяць іх ад платы за ўсё, што яны вінны, і нават за тое, што могуць стоіць лапіны, якія давядзецца пакласці на падраныя бурдзюкі.

Поп трымаў за рукі Дон-Кіхота, які, думаючы, што ён ужо зрабіў узятую ім на сябе справу і знаходзіцца ў прысутнасці прынцэсы Мікаміконы, апусціўся на калені перад папом і сказаў:

— Ваша вялікасць, высокародная і дастойная праслаўлення сен’ёра, цяпер вы можаце жыць у поўнай бяспецы, бо брыдкае гэтае стварэнне ўжо не можа зрабіць вам якое-небудзь зло. Я таксама з сёнешняга дня вызваліўся ад дадзенага вам слова, бо з дапамогаю ўсявышняга бога і дзякуючы падтрымцы той, якой я жыву і дыхаю, мне ўдалося так добра выканаць свае абяцанне!

— Ці не казаў я тое-ж самае? — сказаў Санчо, пачуўшы гэта. — Я-ж не быў п’яны; паглядзіце, ці не пасаліў ужо мой гаспадар волата. Маё графства не ўцячэ ад мяне.

Хто мог-бы стрымацца ад смеху, убачыўшы шаленства абодвух іх — і пана і слугі. Усе смяяліся, выключаючы гаспадара двара, які пасылаў сябе да чорта. Нарэшце цырульнік, Кардэніё і поп ледзь дабіліся таго, што паклалі ў пасцель Дон-Кіхота. Ён адразу-ж заснуў з адзнакамі вялікай стомы.