— Ох, Бог на нас ужо забыўся!
—Уцекайце, уцекайце!
МАЛАДЗІЦА. (заступае дзьверы). Стойце! Уцекаць… чаго уцекаць? Укралі што? Душагубы вы? І ці уцекаючы абароніце сваю сямью, дамову, дабро. Куды уцекаць у лясы, балоты? Да звяроў, гадоў? Ды вы самі горш звяроў. А загінеце не вялікая страта.
З ГРАМАДЫ. — Пагібель тут нам!
— Уцекаць, уцекаць…
— На бок яе! Бі яе!
МАЛАДЗІЦА. Ня пушчу, недалюдкі. Праз труп мой пройдзіця! Хай кроў мая спляміць павек вашую гідкую душу, а здань замучанай маці заслоніць вам сьвет. Пракляцьце на вас, душагубы. Хай страшная помста падзе з неба на вас і вашых дзяцей…
ДЗЕД. Стой баба не праклінай! Мы ужо і так пракляты…
З ГРАМАДЫ: — Яна праўду кажа. Няма чаго і няма куды нам уцякаць.
— А вышчарылася, дык як зьмяя.
— Ат! Ды мне усё роўна: як усе.
— Усёткі сьмерці ў зыбы лезьці не ахвота.
ВУЧЫЦЕЛЬ (да Маладзіцы). Вы супакойцеся. Трэба усё цярпліва пераносіць. Дайце я вам рану завяжу. У вас рана крывавіцца… (рвець хустачку і хоча завязаць рану).
МАЛАДЗІЦА. Боль душы заглушае боль маіх ран. Ня гэтым рызманом трэба лячыць раны і не па гэтыя лекі я да вас прышла.
ВУЧЫЦЕЛЬ. Дык што-ж нам рабіць — мы бяссільны.
З ГРАМАДЫ: — Але, што рабіць?
— Кажы, калі такая разумная.
МАЛАДЗІЦА. Хіба-ж вам мала кажаць пажарышчы, парытыя, здратаваныя нівы, трупы вашых дзяцей і жонак і гэтая кроў, што цячэ па