Старонка:Дуброўскі.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

калі не Владзімір Андрэевіч будзе нашым панам. Маладзец, нічога не скажаш.

— А каму-ж як не яму і быць у нас за пана, — перарвала Егораўна, — дарма Кірыла Петровіч і гарачыўся, не на баязліўца напаў, мой саколік і сам сябе ў крыўду не папусціць, ды і бог літаслівы яго не пакіне. Вельмі ганарысты Кірыла Петровіч! а бач ты, падтуліў хвост, калі Грышка мой закрычаў яму: Вон стары сабака! Вон з двара!

— А-яй, Егораўна, — сказаў дзяк, — як гэта ў Грыгора язык павярнуўся, я хутчэй згаджуся, здаецца аблаяць уладыку, чым крыва зірнуць па Кірылу Петровіча. Як убачыш яго, страх і баязлівасць хіліць цябе ніц, а спіна сама так і гнецца, так і гнецца...

— Суета сует, — сказаў свяшчэннік, — і Кірылу Петровічу адпяюць вечную памяць, усё як цяпер і Андрэю Гаўрылавічу, хіба што пахаванне будзе багацейшае і гасцей склічуць больш — а богу хіба не ўсёроўна!

— Ах, бацька! І мы хацелі склікаць усю навакольнасць, але Владзімір Адрэевіч не захацеў. Не падумайце, у нас усяго даволі, ёсць чым пачаставаць, але што зробіш. Прынамсі калі няма людзей, то ўжо хоць вас участую, дарагія госці нашы.

Гэтае ласкавае абяцанне і надзея знайсці смачны пірог паддалі ўсім ходу, і яны без дрэнных прыгод прышлі ў панскі дом, дзе стол быў прырыхтаваны ўжо і гарэлка пастаўлена.

Тымчасам Владзімір паглыбляўся ў гушчу дрэў, рухам і стомленасцю стараючыся заглушыць смутак душы. Ён ішоў, не разбіраючы дарогі; вецце штохвілінна кратала і абдзірала яго, ногі яго раз-по-разу вязлі ў балоце - ён нічога не заўважаў. Нарэшце дайшоў ён да маленькай лагчынкі, з усіх бакоў абкружанай лесам, ручаінка вілася ціха каля дрэў, напалову аголеных восенню. Валадзімір спыніўся, сеў на халодную траву, і думкі адна за адну змрачнейшыя згусціліся ў душы яго... Моцна адчуваў ён сваю адзіноту. Будучыня яму ўяўлялася ўкрытая навальнічнымі хмарамі. Варожасць з Траекуравым пагражала яму новымі няшчасцямі. Бедная яго ўласнасць магла адыйсці ад яго ў чужыя рукі — у такім выпадку жабрацтва чакала яго. Доўга сядзеў ён нерухома на тым-жа месцы, гледзячы на ціхую плынь ручаіны, якая зносіла кудысьці некалькі зблеклых лісцяў і жыва ўяўляла яму вернае падабенства жыцця — падабенства такое звычайнае. Нарэшце заўважыў ён, што пачало змяркацца — ён устаў і пайшоў шукаць дарогі дадому, але яшчэ доўга блукаў па