Старонка:Дуброўскі.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

палымнеючыя бярвенні пачалі падаць, пачуўся енк і крыкі: «гарым, памажыце! памажыце!»

— Так ды не так! - сказаў Архіп, са злобнай усмешкай паглядаючы на пажар.

— Архіпка, — гаварыла яму Егораўна, — выратуй гэтых нягоднікаў, бог табе верне.

— Так ды не так, — адказаў каваль.

У гэтую хвіліну прыказныя кінуліся да вокан, стараючыся выламаць падвойныя рамы. Але тут дах з трэскам абваліўся, і енкі заціхлі.

Неўзабаве ўсе дваровыя высыпалі на двор. Бабы з крыкам спяшаліся выратаваць свой набытак, дзеці скакалі, цешачыся з агню. Іскры паляцелі вогненнай завірухай, хаты загарэліся.

— Цяпер усё добра, - сказаў Архіп, - бач, як гарыць? Напэўна з Пакроўскага добра глядзець.

У гэтую хвіліну новая з'ява прыцягнула да сябе ўвагу; кошка бегала па страсе ахопленага агнём хлява, не ведаючы, куды саскочыць — з усіх бакоў абкружвала яе полымя. Небарака жывёліна няшчасным мяўканнем клікала на дапамогу, хлапчукі качаліся з рогату, гледзячы на яе роспач.

— Чаго смяецеся, чарцяняты? — сказаў ім злосна каваль, — бога вы не баіцеся: божае стварэнне гіне, а вы дурні, радуецеся, — і, прыставіўшы лесніцу, палез па кошку. Яна зразумела яго намеры і з выглядам раптоўнай удзячвасці ўчапілася за яго рукаў. Абсмалены каваль з сваёй здабычай палез уніз.

— Ну, людзі, бывайце, — сказаў ён збянтэжаным дваровым, — мне тут няма чаго рабіць. Шчасліва, не думайце злога.

Каваль пайшоў, пажар шыбаў яшчэ некаторы час. Нарэшце суняўся, і кучы вуголля без агню зырка гарэлі ў цемені ночы; каля іх блукалі пагарэлыя насельнікі Кісцянёўкі.

Глава VІІ

На другі дзень вестка аб пажары пайшла па ўсёй навакольнасці. Усе гаварылі аб ім з рознымі здагадкамі і меркаваннямі. Некаторыя сцвярджалі, што людзі Дуброўскага, напіўшыся п'яныя на пахаванні, запалілі дом з-за неасцярогі; некоторыя вінавацілі прыказных, якія падгулялі на новаселлі; а шмат хто стараўся ўсіх упэўніць, што Дуброўскі сам