Старонка:Дуброўскі.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

грошы з яго ўзяць-бы то ўзяў, але і самога-б не выпусціў. Такі быў звычай у нябожчыка. Нічога не зробіш, відаць, мне трэба ўмяшацца ў гэтую справу і пайсці лавіць разбойнікаў з маімі дамашнімі. Спачатку пашлю чалавек дваццаць, дык яны і ачысцяць зладзейскі гай; народ не баязлівы, кожны адзін на мядзведзя ходзіць — разбойнікаў не збаяцца.

— Ці здароў ваш мядзведзь, Кірыла Петровіч? — сказаў Антон Пафнуцьіч, успомніўшы пры гэтых словах свайго калматага знаёмца і некаторыя жарты, пад якія і ён калісьці быў падпаў.

— Міша ўжо нябожчык, — адказаў Кірыла Петровіч, памёр слаўнай смерцю ад рукі непрыяцеля. Унь яго пераможца, — Кірыла Петровіч паказаў на Дэфоржа. — ён адпомсціўся за тваю... З дазволу сказаць... памятаеш?

—- Дзіва, што памятаю, — сказаў Антон Пафнуцьіч, пачухваючыся, — вельмі памятаю. То Міша памёр — шкада Мішы, дальбог шкада! Які быў свавольнік! Які разумнік! Гэтакага мядзведзя другога не знойдзеш. Але нашто мусье забіў яго?

Кірыла Петровіч з вялікай ахвотай стаў расказваць аб адважным учынку свайго француза, бо меў шчаслівую здольнасць хваліцца ўсім, што толькі было навокал яго. Госці з уважлівасцю слухалі аповесць аб Мішавай смерці і са здзіўленнем паглядалі на Дэфоржа, які, не падазраючы, што гаворка ішла аб яго адвазе, спакойна сядзеў на сваім месцы і рабіў выхаваўчыя заўвагі непаседліваму свайму выхаванцу.

Абед, які цягнуўся каля трох гадзін, скончыўся, гаспадар паклаў сарвэтку на стол — усе ўсталі і пайшлі ў гасціную, дзе чакала іх кава, карты і працяг папойкі, так слаўна пачатай у сталовай.

Глава Х

Каля сямі гадзін вечара некаторыя госці хацелі ехаць, але гаспадар, развесялёны пуншам, загадаў замкнуць браму, і заявіў, што да наступнае раніцы нікога з двара не выпусціць. Неўзабаве грымнула музыка, дзверы ў зал адчыніліся і пачаўся баль. Гаспадар і яго сябры сядзелі ў кутку, выпіваючы шклянку за шклянкай і цешачыся з вясёлай моладзі. Старэнькія жанчыцы гулялі ў карты. Кавалераў, як і ўсюды, дзе не кватаруе якая-небудзь уланская брыгада, было менш чым дам, усе мужчыны годныя для танцаў, былі завербаваны. Настаўнік паміж усіх вельмі кідаўся ў вочы, ён танцаваў больш за ўсіх, усе паненкі выбіралі яго і знаходзілі, што з ім