Старонка:Дуброўскі.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што гоніце мяне ад сябе прэч і аддаеце чалавеку нялюбаму? Хіба я вам надакучыла? Я хачу астацца з вамі, як дагэтуль. Папенька, вам без мяне будзе сумна, яшчэ сумней, калі падумаеце, што я няшчасная; папенька, не прымушайце мяне, я не хачу ісці замуж...

Кірыла Петровіч расчуліўся, але не выказаў свае збянтэжанасці і, адпіхнуўшы яе, сказаў жорстка:

— Усё гэта глупства, чуеш ты? Я ведаю лепш за цябе, што трэба для твайго шчасця. Слёзы табе не дапамогуць, паслязаўтра будзе тваё вяселле.

— Паслязаўтра, — ускрыкнула Маша, — божа мой! Не, не, нельга, гэтага не будзе. Папенька, паслухайце, калі ўжо вы надумалі згубіць мяне, то я знайду абаронцу, пра якога вы і не думаеце, вы ўбачыце, вас апануе жах, да чаго вы мяне давялі.

— Што? што? - сказаў Траекураў, — пагрозы? мне пагрозы, дзёрзкае дзяўчанё! Але ці ведаеш ты, што я з табой зраблю тое, чаго ты і не ўяўляеш. Ты асмелілася мяне палохаць нейкім абаронцам. Паглядзім, хто будзе гэты абаронца.

— Владзімір Дуброўскі, — адказала Маша ў роспачы.

Кірыла Петровіч падумаў, што яна звар'яцела і глядзеў на яе са здзіўленнем.

— Добра, — сказаў ён ёй, памаўчаўшы, - чакай сабе каго хочаш на паратунак, а пакуль што сядзі ў гэтым пакоі, ты з яго не выйдзеш да самага вяселля. — З гэтым словам Кірыла Петровіч вышаў і замкнуў за сабой дзверы.

Доўга плакала небарака дзяўчына, уяўляючы ўсё, што чакала яе, але бурная гаворка зняла з душы цяжар і яна спакайней магла думаць аб сваёй долі і аб тым, што трэба ёй рабіць. Найважней было ёй: выратавацца ад агіднага шлюбу; доля жонкі разбойніка здавалася ёй раем у параўнанні з лёсам, ёй нарыхтаваным. Яна зірнула на пярсцёнак, дадзены ёй Дуброўскім. Горача жадала яна з ім пабачыцца сам-на-сам і яшчэ раз перад рашучай хвілінай параіцца. Адчуванне падказвала ёй, што ўвечары знойдзе яна Дуброўскага ў садзе, каля альтанкі; яна адважылася ісці чакаць яго там, як толькі пачне змяркацца. Змерклася. Маша нарыхтавалася, але дзверы яе замкнёны на ключ. Пакаёўка адказала ёй з-за дзвярэй, што Кірыла Петровіч не загадаў яе выпускаць. Яна была пад арыштам. Глыбока зняважаная, яна села пры акне і да глыбокай ночы сядзела, не раздзяючыся, нерухома гледзячы ў цёмнае неба. На світанні яна задрамала, але чулы