Сёмка тузануў Рыгора за рукаў, і яны адышліся да суседняй хаты.
— Чуеш?
— Чую. Як табе падабаецца гэта дыскусыя?
— Плюнь. Ёсьць да чаго прыслухоўвацца. Табе баб’ё столькі нагавора, што вушы загразнуць.
— Цікава, аднак… Якое яшчэ ліпкае раболеп’е перад знатнымі… Калі, нарэшце, людзі вызваляцца ад гэтага гіпнотызму!..
— Цемната, Рыгор… Балота… Якое, усё-ж, высыхае. Ты, вось, чуеш, калі хто раней асьмельваўся так востра характарызаваць нашых дзедзічаў? А зараз кожная Саламея ці Прузына не палезе ў кішэню за словам. Людзі нутром адчуваюць, дзе іх вораг і дзе блізкі. Вось прыедзь у Сілцы праз год і ты станеш агульным кумірам… Не сьмяюся… Калі-б падзяліць Сілцоўцаў па накіраванасьці іх сымпатыяў надвая, то павер, што за Берагамі ты знайшоў-бы куды меншую палову, ніж за сабою… Так…
— Магчыма.
— Не магчыма, а сапраўды… Тая самая Эося, каб яе ўзяў у зварот, ражном-бы сустрэла гэтых гасьцёў, але…
— А што ты казаў пра яе пару гадзін раней…
Сёмка падаўся назад.
— Зразумела, што яна ня Гэля. Каб ёй Гэліну рашучасьць — тады-б…
— Во, бачыш… Ёсьць вядома, што ў даным выпадку многае залежыць ад Зосі. Знайдзіся ў яе больш сьмеласьці, — можна было-б выпрацаваць стойкага чалавека…
— Лепі менш пора гэта думай…
Яны не заўважылі, як па суседцтву з імі, праз вуліцу, згуртавалася зборня моладзі, і паўночная пара напоўнілася заводзінамі розных абрыўкаў песянь. Сярод апошніх можна было чуваць бадзёрыя напевы «Варшавянкі» і цягучыя, сумныя рэчытатывы «Девушки».
З пераплёту рэзвай, ажыўленай гутаркі выразна адзначаліся звонкія, пераліўчатыя сказы неўгамоннай, і заўсёды жывой ў кампаніі Гэлі.
— Падыдам? — запытаў Сёмка.
— Давай! — згадзіўся Рыгор.
— Кінь думаць пра Зосю.
— Памыляешся, калі так думаеш.