— Ня тое, што ведзьмы баюся, толькі… запозна…
— Ды нічога, пасьпееш яшчэ, — разуважыў Мікола: — можна яшчэ з гадзіну якую пасядзець.
— Ой, што вы!
Васіль павярнуў да дзьвярэй. Зося пашла правясьці.
— Не забывай нас, Васілька! — паслалі ўсьлед яму ў адзін голас Мікола з Мартаю.
— Ды, не, не; чаго-ж.
У сенцах Васіль спыніўся і нясьмела запытаў:
— Зося, га Зося, а можа мы выйдзем крыху на вуліцу?
Зося нічога не адказала.
— Выйдзем, га? — перапытаў Васіль.
— Нешта няма ахвоты, — спаць хочацца, — схлусіла Зося.
— Спаць? спаць!.. няўжо ты ня вытрымаеш і гадзінкі лішняе? — папракнуў Васіль.
— Няўжо ты ня верыш!
— Вядома, што ня веру, бо ты ўзнарок са мною ні гуляць, ні гаварыць ня хочаш. — Ты думаеш я нічога ня ведаю? Я ўсё ведаю: вось і сёньні — атрымала ліст ад Рыгора, дык на мяне і ня дзівішся. Але, няхай! — ціхім і поўным абурэньня голасам дабавіў ён.
— Ну, а калі так… а калі атрымала ліст ад Рыгора, то што мне за гэта будзе? — задзірна адказала Зося.
— Ды нічога, што-ж я пры гэтым, толькі, — зьмякчэў Васіль і ласкава паглядзеў на Зосю: — Дык можа мне зусім не хадзіць да вас, Зося?
— Я ня ведаю. Нічога я ня ведаю. Дзела тваё.
— Скажы мне, га?
— Што табе сказаць?
— Няўжо ты мяне нізваньня ня цэніш?
Зося маўчала. І тая ціша, што ў момант запанавала ля іх, такой прыкрай, такой адваротнай паказалася Васілю, што ён весь ажно здрыгнуўся ад нейкага няпрыемнага пачуцьця, сьціснуў крэпка зубы і скрывіў нездавольную міну. На яго вачох міжвольна выбліснулі сьлёзы і зацьмілі празрыстасьць узроку. Ці ісьці да хаты, ці стаяць далей і чакаць адказу — Васіль ня ведаў.
Гадаючы над гэтым, ён прастаяў моўчкі яшчэ некалькі хвілін, потым, бачучы, што яму нічога ад Зосі не дачакацца, вышаў з сянец.