— А нашы хлопцы захапіліся горадам; вось ужо зьбіраюцца выяжджаць; Пятрусь першым.
— Пятрусь? — бясьцікаўна запытала Зося.
— Учора хваліўся.
— Каму?
— Нам; учора мы каля Гэлі гадзін да дванаццаці гулялі.
— І разам гэта пісьмо ад Рыгора слухалі, Сёмка расказваў.
Зося ізноў перамянілася ў настроі, які некалькі ўроўнаважыўся.
— Пісьмо слухалі?.. Ну, а што больш ён піша? Можа ўжо там ажаніўся?
— Не… Куды яму; думаеш, ён заняты рабочай справай, каб мець час на жаніцьбу. Вунь, прамову трымаў перад рабочымі… Цяперака ў Рызе ідуць забастоўкі, і Рыгор зацягнуты ў самы агонь змаганьня. Пашоў далёка ўперад па сваёй дарозе.
Волька казала і бачыла, як глыбока западаюць яе словы ў Зосіна нутро.
Кожны момант з Рыгоравага жыцьця вырэзваўся яркаю плямінкаю ў яе істоце, прырастаў, як часьцінка жывое матэрыі, каб астацца назаўсёды, каб вечна муляцца і дапамінаць аб шчыра каханым чалавеку. Адцягаліся Зосіны думкі за тысячу вёрст, у няведаны ёй горад, лавілі ў ім Рыгора і ўтваралі сваім імкненьнем асалоду зданага незямнога жыцьця. Вакольнае як быццам-бы ня жыло для яе і не існавала…
— І вось, праслухалі пісьмо, дык Пятрусь ўрачыста: «Абавязкова еду ў горад». А Гэля з скуры лезе, чырванее, злуе, агрызаецца: бач, баіцца, каб, чаго добрага, Пятрусь не пакінуў… — сказала Волька і засьмяялася. І Зося пусьціла тварам нядбалую ўхмылку.
У двор увашла Вольчына маці; дзяўчаты кінулі гутарку. Прывіталіся.
— Ты, Зося, усё к вясельлю зьбіраешся?
— Не кажэце.
— Чаму? Кінь свае думкі, нябога.
— Ня лёгка іх кінуць.
Зося не магла далей гутарыць; тое, што перагаварыла з Вольчынай мацерай, было нечым вымушаным, да чаго не ляжала сэрца, не варочаўся язык. Нельга было не гаварыць, але думкі вымагалі іншых слоў, іншае гутаркі. Ня выходзіў з памяці