Ромусь адышоў ад Рыгора, а той яшчэ доўга бавіўся над вырашэньнем розных пытаньняў, якія былі зьвязаны з арыштам Наталі.
На прагулцы Рыгор цэлых дваццаць хвілін раскідаў узрокамі па двары астрогу, заглядаючы ў бок яго кабечае палавіны. Прыкмячаў некія незнаёмыя твары — разабраць было нельга: глядзеў вартаўнічы. Плянаваў, як і што ды калі выпадзе тая мажлівасьць перакінуцца з Наталяю словам-другім. Падышло жаданьне, каб хаця яна была тут, у вастрозе, а ня ў іншым месцы. Але прагулка кончылася, і Рыгор нічога ня мог праведаць пра Наталю. Тады яму асталося адно — чакаць абеду, авось прыдуць сякія-такія весткі аб ёй. На гэтым крыху супакоіўся.
Час, які аддзяляў прагулку ад абеду, прашоў незаўважна. Рыгор увязаўся ў новую гутарку з таварышамі і дашоў да самага гострага пытаньня, калі пастукалі ў дзьверы камэры. Ён першым падбег да аконца, каб паглядзець, які з надзірацеляў прынёс абед. Угледзеў — як заўжды, той, што кожны раз прыносіў гэтым днём. Абнадзеіўся. Не адыходзячы, пастаяў каля дзьвярэй, пакуль большасьць таварышаў атрымала абед. Затым падышоў сам і запытаў у надзірацеля:
— Ці няма мне чаго-колечы з волі?
Надзірацель прывычным спосабам перадаў пакецік у знаёмай паперы. Рыгор прасунуў руку, дастаў яго ад надзірацеля і, забыўшыся пра яду, разьвярнуў. Між іншымі гасьцінцамі ляжалі запіска і пісьмо. Узрадаваўся, не прыглядаючыся да характару, і хутчэй-жа прыняўся чытаць.
«Даражэнькі Рыгор! Выбачай, што я гэтак доўга не давала аб сабе ніякае весткі… Ты, пэўна, думаў, што я выпадкам сустрэлася і выпадкам згінула з твайго вокагляду».
«У чым справа?» пацікавіўся Рыгор, заінтрыгаваны першымі словамі пісьма.
Не сьцярпеў і пашукаў подпісу.
Стаяла —
«Ганна».
«Ганна!» настаражыўся ён. І з некай надзвычайнай цікавасьцю, з захапленьнем пачаў чытаць, ізноў спачатку, слова ў слова. Не адгінаючыся, прачытаў раз, пасьля другі, усё не даводзячы сабе ясна, як і што гэта магло стацца…