II-і НЕЗНАЕМЫ. — Чалаве́к памірае, а вы бяз ніякае літасьці!.. (вяходзяць).
(Людвіка і яе́ Матка стаяць трохі часу, ня ведаючы, што рабіць).
ЗЬЯВА X.
Матка, Людвіка, Юрка.
ЛЮДВІКА (пасьля паўзы). — Трэба-ж яго ратаваць… (падыходзіць да канапы) Таварыш! што вам? Вы ранены?
ЮРКА (памалу адварачывае голову).
ЛЮДВІКА (з крыкам кідаючыся да яго): — Юрка!!!
ЮРКА (цяжка дыхае, яму трудна гаварыць; прытамне́е): — Дзе я?..
ЛЮДВІКА. — Ты тут — у нас!
ЮРКА. — У вас?.. я думаў, што… (глядзіць на Людвіку, выцягівае руку) Людвіся!.. Ты?
ЛЮДВІКА. — Я… гэта я, Юрка! Што табе? цябе́ ранілі?
ЮРКА. — Дыхаць… цяжка… Здаецца… тут (паказавае на грудзі).
МАТКА (прыглядаецца з боку гэтай сцэне. З яе́ твару відаць, што ве́льмі нездаволена).
ЛЮДВІКА (разшпіляе камізэльку і кашулю Юркі). — Ах, мама, мама! памажэце мне́, я ня ве́даю, што рабіць!
ЮРКА. — Ня трэба… нічога… пройдзе…
МАТКА (падыходзіць). — Цяпе́р няма як ні дохтара паклікаць, ні да аптэкі схадзіць… (паказаваючы на вуліцу). Чуеш, што там?