МАТКА. — Пытаешся: якое? Ве́дама якое: прыдуць, арэштуюць і нас у турму пацягнуць за тое, што ў нас кватэраваў.
ЛЮДВІКА. — А яка-ж тут наша віна?
МАТКА. — Э, паліцыя не разьбірае! Цяпе́р такія часы!.. Ах, каб хутчэй усё гэта скончылася!..
ЛЮДВІКА. — Кончыцца, як скінуць цара…
МАТКА — (спужаўшыся). — Цc!.. Што ты?.. што ты?.. здурэла, ці што? Хто цябе́ навучыў казаць гэткія рэчы?.. Яшчэ хто пачуе!.. Хочаш сьцягнуць няшчасьце на сябе́ і на маю старую галаву!.. Памятай, што і сьце́ны вушы маюць… Здурэла, далібог, здурэла…
(Чуваць стук у сярэднія дзьве́ры).
МАТКА — (спужаўшыся яшчэ болей). — Вось, маеш!.. А бе́дная-ж мая галованька!..
ЗЬЯВА II.
Матка, Людвіка, Юрка.
ЛЮДВІКА — (адчыняе дзьвѐры. Уходзіць Юрка з якойсь пачкай). — А! пан Юры!
МАТКА. — Гэта вы? Фу, як напужалі!
ЮРКА (ўходзіць). — Выбачайце, што я пастукаў у гэтыя дзьве́ры, але пабачыў, што ў вас яшчэ сьвѐціцца.
МАТКА. — Брама хіба яшчэ не зачынена?
ЮРКА. — Не зачынена, але мне́ не хацелася спатыкацца з сторажам: ён сядзіць на варце…
МАТКА. — Вячэраць будзеце?