— Чорт-бы пабраў гэтага ірландскага дурня! — працадзіў ён праз зубы. — Сапсаваў мне сон, пракляты! Трэба было кінуць яго ў раку. Толькі з пашаны да яго гаспадара я гэтага не зрабіў. Напэўна, мне так і не ўдасца заснуць да раніцы.
Пры гэтых словах паляўнічы яшчэ раз закруціўся ў коўдру і лёг.
Аднак, заснуць яму не ўдалося. Ён зноў пачаў варочацца з боку на бок. Нарэшце, зноў сеў і зноў вылаяўся.
На адлегласці дваццаці футаў ад таго месца, дзе ён сядзеў, паляўнічы нечакана заўважыў гадзюку.
— Змяя! — шэптам сказаў ён, калі яго вочы спыніліся на паўзуне. — Цікава, што гэта за парода? Занадта вялікая для грымучай змяі. Не, гэта не яна. А-а, цяпер разумею. Гэта курачка[1] шукае яйкі. Ах ты, бестыя! І паўзе-ж проста на мяне.
У яго тоне не адчувалася спалоху.
Зеб Стумп ведаў, што змяя не перапаўзе цераз кабрыэсто і дакрануўшыся да яго, папаўзе назад, як ад вогненнай рысы.
Пад аховай гэтага магічнага круга паляўнічы мог спакойна сачыць за непрыяцелем, калі-б гэта была нават самая ядавітая змяя.
Але яна не была ядавітай. Гэта быў ўсяго толькі вуж, і прытым самы бяскрыўдны, з той разнавіднасці змей, якую народная фантазія наіўна ўзнагародзіла назвай «курачка».
На твары Зеба адлюстравалася цікаўнасць. Як толькі курачка падпаўзла да самага кабрыэсто і, крыху прыпадняўшы галаву, ткнулася проста ў вяроўку, яна адразу-ж павярнула і папаўзла назад.
Паляўнічы з цікаўнасцю сачыў за яе рухамі.
— Беднае стварэнне! Няхай сабе паўзе. Яна мне не вораг. Праўда, яна высмоктвае індычыя яйкі і гэтым скарачае індычы род, але-ж гэта яе адзіная ежа, і няма чаго мне на яе злавацца. Але на гэтага праклятага дурня я злосны. Што-б гэта прыдумаць яму ў пакаранне! Ёсць! Здорава прыдумаў!
Пры гэтых словах стары паляўнічы ўсхапіўся на ногі і кінуўся за адпаўзаючым вужам.
Хвіліна — і вуж звіваўся ў яго руках.
— Ну, містэр Фелім, — усклікнуў Зеб, — цяпер трымайся! Я напалохаю тваю баязлівую душу так, што ты не заснеш да самай раніцы. Ты для мяне гэта зробіш, курачка?
І паляўнічы накіраваўся да халупы. Ціхенька пракраўшыся ў яе, ён пусціў вужа ўнутр круга кабрыэсто, якім Фелім старанна абгарадзіў сваё жыллё.
Вярнуўшыся на сваю травяную пасцель, паляўнічы яшчэ раз нацягнуў коўдру і прамармытаў:
- ↑ У англійскім тэксце „chicken“ у даслоўным перакладзе — курачка. Гэта разнавіднасць вужоў распаўсюджана ў Паўночнай Амерыцы. Яны адрозніваюцца бяскрыўдным характарам. Жывяцца птушынымі яйкамі.