Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але на рубяжы 80 і 90 г.г. адчуваецца ўжо пералом. Уздым пачатку 90 г. быў штурхачом да разьвіцьця прамысловасьці і ў нас. Калі проста прыраўнаваць лічбовыя даныя аб фабрычна-заводзкай вытворчасьці 1866 г. з данымі 1897 г., у які час наша прамысловасьць набыла больш устойлівы характар, то ўздым выразіцца ў павялічэньні ліку фабрычназаводзкіх рабочых блізка ў 2½ разы, з 23 да 56 тысяч, павялічэньні сумы вытворчасьці ў 3 разы, з 19 млн. да 60, і памяншэньні колькасьці фабрык і заводаў з 4 тыс. да 2,7 тыс.

Павевы капіталу выразна адчуваюцца і на вёсцы, прыводзячы тут да дзьвюх процілегласьцяй: з аднаго боку, разьвіваецца кулацтва, з другога боку—пролетарызацыя сялянства. Не знаходзячы працы ў сябе на вёсцы, селянін ідзе на заработкі, асядае ў гарадох. Вёска не магла пракарміць свайго насельніцтва.

Паводле падлікаў Марэса, якія датычаць пачатку 90 г. і зроблены ў кнізе "Влияние урожаев", "дзеля харчаваньня насельніцтва і скаціны патрабуецца 154,8 мільёнаў пудоў хлеба і бульбы, пераведзенай на хлеб. Але сялянскае насельніцтва беларускіх губэрань зьбірае толькі 104 мільёны пудоў; значыць, агульны недахоп кармовых сродкаў для скаціны і насельніцтва выражаецца ў суме 50 мільёнаў пудоў".[1] Гэтыя падлікі выразна сьведчаць а пролетарызацыі беларускага сялянства ў сувязі з разьвіцьцём у нас капіталізму.

Нацыянальна-політычнае становішча Беларусі ў зазначаную эпоху характарызуецца нязьменнай русыфікацыяй, якая асабліва ўзмацнілася пасьля паўстаньня 1863 г.

Гэта паўстаньне зьяўляецца найбольш буйной політычнай падзеяй эпохі. Як вядома, паўстанцы распадаліся на белых і чырвоных. Белыя, якія апіраліся на буйную шляхту і магнатаў, ставілі сваёй мэтай аднаўленьне Рэчы Посполітай у межах 1772 г. Чырвоныя ставілі сваёй задачай нацыянальнае і соцыяльнае вызваленьне "мужыцкай" Беларусі. Ідэалы чырвоных паўстанцаў яскрава выяўлены ў агітацыйна-рэволюцыйнай літаратуры, якая пісалася на беларускай мове і мела звычайна форму адозваў. У процілежнасьць чорнасоценным адозвам, якія пісаліся ўрадам, напр., "Рэч старавойта“, "Бя-

  1. Довнар-Запольский. Стар. 136.