Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гаворачы аб правох народу, Сыракомля асаблівую ўвагу зьвяртаў на права атрымаць адукацыю.

У 1862 годзе Сыракомля напісаў верш, поўны глыбокага натхненьня; у гэтым вершы ён з захапленьнем апавядае аб адчыненьні вясковае школы, ад якое чакае шмат карысьці для свае бацькаўшчыны.

Атрымаўшы асьвету, зямлю, грамадзянскія і політычныя правы, народ, па думцы Сыракомлі, выдзеліць з сябе шмат дзеячоў, якія й павінны будуць весьці яго па шляху далейшага разьвіцьця.

Як і ўсе народнікі, Сыракомля вялікае значэньне дадаваў ролі асабістага фактара ў гістарычных падзеях. Аб гэтым мы ўжо гаварылі, калі разглядалі Піліпа з Канопляў.

Цяпер, выявіўшы агульныя народніцкія рысы нашага песьняра, зьвернем увагу на чыста-беларускія асаблівасьці ў яго творах.

Народніцва мае пэўную генэтычную сувязь з романтызмам, а гэты апошні заўсёды цікавіўся нацыянальнымі асаблівасьцямі. Значыцца, нават a priori мы павінны думаць, што гэтая цікавасьць ёсьць і ў Сыракомлі.

Мы ведаем, што некаторыя песьні ён апрацоўваў у хаўрусе з композытарам Кажынскім. (Wlazł kotek na płotek, Krakowiak na Litwie, Pieśń myśłiwska Korale, Kruk Dola). „Kruk і Dola“ напісаны пад моцным уплывам беларускае народнае творчасьці. „Krakowiak na Litwie“ — гэта праслаўленьне беларускага народу. „Хаця там хлеб і чарнейшы, але сэрца залатое“. Гэты народ мае „моцны гарт“… Калі бачыш гэтых людзей… нешта такое адчуваеш, як быццам плачаш з радасьці“.

Piośnka wieśniaczki litewskiej“ знаходзіцца ў сувязі з беларускаю народнаю творчасьцю: зьмест песьні — гора дзяўчыны аб тым, што яе ніхто не разумее й не шкадуе, апроч яе любага. „Gawędy“ маюць у сабе шмат беларускасьці. Яны й прысьвечаны беларусам: „Браты мае з-над Вяльлі і з-над Нёмна!“ кажа аўтар: „калі вам родныя апавяданьні прыемны, дык сядзьма ў круг, а я з вамі пагутару… будзем рады адзін аднаму… але хай хто-небудзь замкне дзьверы на ключ, каб ня прышоў нейкі панок ці поўпанак і ня кпіў з нашых размоў“.

„Янка Магільнік“ (Janko Cmentarnik), як нам ужо вядома, апісвае жыцьцё беларускае вясковае грамады й лёс Янкі, яе