— Чаму «часамі?» — срога, крычыць Пятро.
— Бо ведаеш, паночку, бо… бо… бо… я… ня ўмею… душыўся Панас сваімі словамі, як-бы гарачыя клёцкі глытаючы.
— Ага, знача не акуратна маліўся, — адчаканіваючы кожнае слова, як асэсар, цьвёрда, з павагай кажа Пятро. — А выпіваў акуратна? А жонку біў? А за гаспадаркай ніколі не глядзеў?
Нібы шротам засыпаў яго Пятро пытаньнямі. Панас пры тэтым гэтак корчыўся, нібы яго сьцябалі крапівой.
— Ідзі ў пекла! — сказаў нарэшце Пятро ды ўжо хацеў зачыніць браму. Панас, угледзіўшы гэткую штуку, цмокнуў ў руку Пятру й давай маліць-прасіць, яю ён добра навучыўся на зямлі перад старой паняй, калі яго кабылу забіралі ў хлеў за патраву:
— А я-ж нявучоны… а я-ж простае, цёмнае мужыччо, — застагнаў-заенчыў ён на ўсё неба. — Ці-ж я вінаваты, калі ня ведаў, як жыць на сьвеце?.. Ці-ж я вінаваты, калі я ня…
— Ну, годзі! годзі! — перабіў яго прычытаньні Пятро й, з усьмешкай гледзячы на Панаса, гладзіў сваю сівую бараду. — Добра, Панас, мо’ пойдзеш у рай, бо, ведама, ты нявучоны. Але вось такая рэч — ня пушчу цябе ў рай, покуль не навучышся хоць крыху грамаце. Прынамсі, будзеш сядзець там і пацеры чытаць. А то прыкра, калі ты на ўсіх сьвятых дурной варонай глядзець будзеш і ніхто голасу твайго не пачуе.
Панасу зрабілася нясмачна на душы.
— Ліха ведае! Гэта лёгка сказаць: навучыцца грамаце! Мой Габрусь пяць зім вучыўся й чуць па складох чытае. А мне, старому дыдлу, дзе тут уцяміць?
Ажно порах беднага прабіраў.
Тымчасам Пятро, зачыніўшы вароты, падаў яму кантычку, па якой загадаў вучыцца.
Панас ткнуў кніжку за пазуху й папёр куды вочы глядзяць, маркотна апусьціўшы голаў. Ен, нават, і надзею страціў папасьці ў рай. Яму здавалася, што куды лягчэй галавой уніз хадзіць, чымся навучыцца грамаце. Але «як топішся, то-за брытву хопішся» — кажуць людзі. І бедны Панас, ня маючы жаднага ратунку, расчыніў кантычку і, як той бусел, скоса зірнуў на незразумелыя літары. Ой, як не хацелася яму папасьці на цымус у пекла! «Купіў — ня купіў, а патаргаваць можна», бадрыў ён сам сябе й сеў на камені сярод гасьцінца. Утаропіў вочы ў кантычку й давай ў стрэчнага-папярэчнага дапытвацца:
— Паночку, родненькі, што гэта за літара? А што азначае гэтае крутаньне? А як чытаецца гэта дуга? А як выгаварваепца гэта мудроная сякерка? А як гэта ўсё разам выходзе?
Як анелы не сьпяшылі па справах сваіх, але бачачы, што чалавек проста са скуры вылазіць, што пот цурком льецца з лысіны, дык кожны ахвотна тлумачыў яму.
Там не такія благія, як на зямлі.
Панас спачатку бэкаў-мэкаў, а праз тыдзень які ўжо нічога сабе чытаў. Праз два тыдні Панас так налаўчыўся, што па-