Аднаго разу у нядзелю.
(Быль).
У зялёных, калючых абоймах гушчару накіданы кучы старых, вялізарных скрынак — вясковыя хаткі.
Васпавата-саламянае цела вёскі разрэзана на дзьве часткі аграмаднай рухлівай касой — рэчкай Срыбнай.
Над рэчкай скача драўляная, сьвежа-жоўтая зьвярына — новая грэбля з сасновых плашак.
Летняе сонца палівае вакол залочаным, гарачым варам.
Па рунявай, травяністай барадзе вузенькай вясковай вулкі спацыруе маленькая сямейка — квола-добрая матка з пэлай кучай дробненькіх дзетак — сьвіньня з маленькімі парасяткамі.
Сьветла-ружовая дзетвара трэцца каля матчыных сіваватых ног. Цененькія вяровачкі-хвасткі закручаны ў круглыя абаранакі. Трубачкі-лычкі нюхаюць-шукаюць.
— Квіць-квіць-квіць!
Сьвіньня супакойвае іх ласкавымі матчынымі словамі.
— Хрумк-хрумк-хрумк.
Кучка, чацьвераногіх дрыбнятак прысасываецца, як жмуток п’явак, да яе адвіслага жывата. Парасяткі так ўважліва палуднуюць, што й сьвету белага ня бачаць вакол.
Маці ўпірае ў сонечную далеч пару маленькіх хітрых вочак, прыслухоўваецца пільна сівымі лістамі-вушамі і строга ківае хвастом. Асалода тырчыць з яе калючай драцянай шэрсьці:
— Жартачкі, дзеткі палуднуюць.
Сьвяточны дзянёк — нядзеля.
Дзе-ні-две закрасуюцца ў вакне чырвоныя кветкі жаночай кофты. Дзяўчына з ільнянымі косамі, сьвяточна ўбраная ў каляровую саматканку, перабягае вуліцу, пазіраючы ўніз, на свае чырвоныя, запаленыя сонцам босыя ногі.
Сяляне — старыя мужыкі сядзяць на прызбах. Галовы — у жанок на каленях.
Прыбег устрывожаны сусёд:
— Браткі, што сьпіцё ў шапку?
— Ну?