Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перабудоўваліся за гэты час. Ужо тры-чатыры разы мяняліся гаспадары, мяняліся паны ад бацькоў да сыноў. У іх ёсьць, нават, свой магільнічак на пагорку, дзе над пагніўшымі, абросшымі шэрым мохам крыжамі шумяць: матулі-ёлкі над касьцямі дзядоў, якія сьпяць у роднай зямліцы сном адвечным…

Іначай і быць не магло. Бо, здаецца, тыя самыя салоўкі, жаваранкі й вераб’і, што сьпявалі песьні калісьці іх дзядом, калі тыя гнулі свой карк над сахой на роднай глебе, пяюць і цяпер тыя самыя песьні. Тое самае сонейка сьвеціць ім у дзень, тыя самыя зоркі й месячык сьвецяць ім у ночы і тыя самыя песьні пяюць іхнія жнеі на полі і начлежнікі на расьцяробе…

Іначай і быць не магло. Бо іхнія душы й сэрцы, іхнія думкі й разуменьні прырасьлі да гэтага кавалку зямлі, што называецца Такароўшчынай, як моцныя дубы, якія глыбока ў зямлі пусьцілі свае карэньні на ўсе бакі. А вочы, здаецца, асьлеплі-бы бяз гэтых садочкаў, бяз гэтага поля й бяз гэтых сіне-блакітных даляў, якія акружаюць з усіх бакоў Такароўшчыну.

Такароўцы забываліся аб тым, што яны арандатары. Але вось, каб зьбіць іх гонар, зайздросьлівыя суседзі аб гэтым ім калі-ні-калі ўспаміналі, і, пачуўшы слова «кутнік», такаровец хадзіў цэлы тыдзень маўклівы і, як хворы баран, матаў сваёй буйнай галавой… Слова «кутнік» калола яму мазгі й сьпіну, як вострая шпілька, і псавала яму гумор і настрой, нібы ў час шлюбу хтосьці яму грымнуў хаўтурную псальму.

А зайздросьлівыя суседзі з гэтага часта-густа карысталіся й паказывалі такароўцу, дзе ракі зімуюць…

І гэтая клічка «кутнік» тае сама, пераходзіла з пакаленьня ў пакаленьне, як такое слова, без якога абыйсьціся ніяк нельга.

Такім чынам плыло жыцьцё такароўцаў цэлыя дванаццаць дванаццацігоднікаў, пакуль маёнтак перайшоў — да новага насьледніка, які пачаў заводзіць у сваіх маёнтках новыя парадкі.

І вось тое, чаго такароўцы пужаліся болей ста гадоў падрад — ад дзядоў да ўнукаў і праўнукаў, насунулася раптам на іх, як воўк на дарозе ў калядніцу на адзінокага падарожніка. Новаму пану спадабаўся гэты, добра аброблены мужыцкімі рукамі абшар зямлі, і ён задумаў яго далучыць да самага блізкага свайго маёнтка.

Кантракту на далей ён не падпісаў.

Тут такароўцы спахмурнелі не на жарт. Малілі-прасілі пана, надбаўлялі арэнды ўдвойчы, утройчы, у чатыры разы, чым раней плацілі, але пан заартачыўся і нічога не памагло. «Выбірайцеся адгэтуль ды выбірайцеся!» — быў адзін яго адказ.

Што тут рабіць ды й што тут рабіць?

Як звар‘яцелыя, счарнеўшыя, яю галавешкі, лёталі такароўцы ад мястэчка да мястэчка да сваіх купцоў па раду-паратунак. Заварушылася ўся ваколіца ад гэтага гвалту. Шумелі-гаманілі гандляры, суседзі перасталі іх клікаць «кутнікамі» ды шчыра