Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шло ў нутро. Ен закурыў люльку, паправіў лучыну й прысеў на тапчан.

Андрэйка зьбіўся з панталыку, дый спаць яму хацелася й ня мог ён парадкам у дзеда дабіцца, што пісаць.

— Дык кажы, дзядок, што пісаць? — пытаўся Андрэйка й зяваў.

— Пішы, каток, пішы! — ажно строга казаў дзед: «Кажуць людзі: у людзей пытай і свой розум май, а гаспадарку яна, ведзьма, вядзе, дык толькі крый ты, божа, як гэта кажуць, сабакам сена касіць». Дзед пачаў на пальцах лічыць: „Буланка здохла, кароўка чуць ногі валочыць, а сена пагніло. Калі я ёй што кажу, дык яна толькі адгаркваецца, як благая сучка, хоць ты перад ёю макам рассыпайся — не памагае!.. А я табакі не магу дастаць… А ці ўбачымся мы ўжо з табою?.. Далей вочы — лягчэй сэрцу, казаў той… Я ўсё слабею, сынок ты мой… зямля-матуля да сябе цягне… Хто мне вочы прыплюсьніць? А хто хаўтуры палюдзку ладзіць будзе? А хто сьвечку паставіць за душу маю грэшную? А круці не вярці — трэ’ паміраць…»

Дзед змоўк і трос сваёй лысай, белай галавой. Матыль скульсьці ўзяўся й паляцеў на агонь. Андрэйка заглянуўся на яго. Палажыў ручку, каторай пісаў, і давай лавіць матыля.

Імпэт вырастаў у яго з кожным новым выкрутасам над матылём, як у чыстакроўнага паляўнічага. Вось Андрэйка злавіў матыля, але той спрытна вылізнуў з паміж яго пальцаў, аставіўшы нейкі сьлізкі пылок. Андрэй болей ня гнаўся за ім, і матыль давай зноў кружыцца, як шалёны, над агнём. Андрэй так пазіраў на яго доўга, доўга, пакуль вочы як-бы алавяныя зрабіліся, затуманіліся, рознаколерныя кругі паказаліся над дзедам. Андрэй заплюшчыў вочы, дзед зрабіўся маленечкім, усё зьлілося — сплылося разам і… ён заснуў, зрабіўшы другую, яшчэ большую, чорную «булку» на паперы.

Доўга думаў дзед. Але каб хто спытаўся ў яго, што ён думае, дык ён-бы ня ведаў, што адказаць. Усё ў старых грудзёх перамяшалася, як-бы хто там віламі зялезнымі перавярнуў усё дагары нагамі… Нешта там балела… нешта шчаміла…

„Заяц мне дарогу перабег“, казаў дзед і заківаў галавой, „здаецца я нічога кепскага на сьвеце не зрабіў. Не капціў неба, не жаваў хлеб, казаў той“. Пішы, Андрэйка, пішы!

А тымчасам Андрэйка яшчэ мацней захрапеў. Котка вылезла, з-пад прыпечка. Нясьмела й ціха падыйшла яна да стала, скокнула, на тапчан і, бліснуўшы сваімі вачыма, прытулілася да Андрэйкі зьвярнуўшыся клубком.

…«І ці-ткі ты на мяне забыўся, сынок?» крыўдна махаў дзед левай рукой: «ніколі капейкі якой ня прышлеш для мяне, а яна мне на зарэз цяпер патрэбна»… Пішы, Андрэйка, пішы каласок!

Ня бачыць дзед, што Андрэйка даўно ўжо сьпіць.