Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Потым уладар месяца загаварыў пра сон. Патрэба аддаваць сну пэўны час існуе толькі на зямлі. Селяніты на месяцы адпачываюць вельмі рэдка і то толькі пасьля якога-небудзь надзвычайнага напружаньня сіл.

Потым, па яго жаданьні, я пералічыў яму розныя чалавечыя расы і віды. Ён са зьдзіўленьнем у мяне пытаў:

— І для ўсіх работ у вас служыць той-жа чалавек? Але хто-ж думае? Хто кіруе?

— Я растлумачыў яму пра дэмократычны лад. Калі я скончыў, ён зрабіў моцнае ахалоджаньне ілба, потым папрасіў мяне паўтарыць мае словы, бо, па яго думцы, ён нешта не зразумеў.

— Значыць, у вас работа не падзелена? — запытаў Фі-у.

Я растлумачыў, што сярод людзей ёсьць мысьліцелі, чыноўнікі, мэханікі, мастакі і многа іншых спэцыялістых.

— Але ўсе яны прымаюць удзел у кіраваньні, — сказаў я.

— Няўжо ў кожнага з іх няма асаблівасьцяў цела, якія дапамагаюць выконваць абавязкі?

— Бачных асаблівасьцяў няма — адказаў я, — апрача, напэўна, вопраткі. Апрача таго, магчыма, што іх духоўнае разьвіцьцё некалькі рознае.

— Яно павінна быць вельмі рознае, — сказаў уладар месяца, — бо інакш яны ўсе захацелі-б рабіць адно і тое самае.