Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

цы. Я ніколі да гэтага часу ня чуў, каб з чалавека выходзілі падобныя гукі.

Ён дайшоў да канца хрыбта, стаў тварам на захад, выняў з кішэні гадзіньнік, пастаяў некалькі секунд, потым адразу абярнуўся і шпарка пайшоў. Зьяўленьне Кавера для мяне тады было прыкрай перашкодай, непродукцыйнай тратай лішніх пяці хвілін. Але калі на заўтрашні дзень тое самае зьявішча адбылося са зьдзіўляючай дакладнасьцю і пачало рэгулярна адбывацца пасьля кожнага захаду сонца, дык мая ўвага неяк міжвольна стала адрывацца ад работы. Я задаваў сабе пытаньне, што яму трэба на скалістым хрыбце? Што азначалі яго дзіўныя паводзіны?

На чатырнаццаты дзень я, урэшце, ня вытрымаў: як толькі ён зьявіўся, я вышаў з пакою і накіраваўся да таго месца, дзе ён звычайна прыпыняўся.

Ён толькі што пасьпеў выняць з кішэні гадзіньнік, калі я падышоў да яго. Калі ён абярнуўся, каб ісьці, я спыніў яго словамі:

— Дазвольце вас затрымаць на адно імгненьне!

— Калі ласка. Але ваша імгненьне ужо прайшло, а таму, калі вы яшчэ жадаеце гутарыць са мною, дык я папрашу вас праводзіць мяне, калі толькі гэта вам не пашкодзіць і не адыме дарэмна часу.

— Ані кроплі, — адказаў я, — і мы пайшлі з ім поплеч.

— Мае прывычкі ўстаноўлены вельмі дакладна, загаварыў ён, — і на гутаркі са староньнімі асобамі ў мяне застаецца мала часу.