— 13 —
— Пачакайце, людцэ, гэта інакш робіцца! — кажа Тарас, — дайце толькі сюды касу!
Прынясьлі мазурэ касу.
Тарас зараз намянціў яе, ўзьлез на страху, — шась! — шась! — шась! — скасіў усю траву, скінуў на зямлю і даў корові.
Дзівяцца мазурэ, не надзякуюцца! Пытаюцца зкуль гэткія разумныя людзі?
— А зтуль, дза нас цяпер ужо няма! — адказаў Панас.
— А ці далёка гэта будзе ад нас?
— А мы якраз з таго мейсца, дзе соняйка ўсходзіць!
— А-а-а!.. калі так, то вы — нашыя блізкія суседзі, бо ў нас сонца во за гэтым лесам ўсходзіць!
Абрадаваліся мазурэ „блізкім суседзям“, паклікалі іх у хату, напаілі, накармілі, аб сабе расказалі.
Рады Панас з Тарасам! І дабро робяць, і ад людзей павагу й падзяку маюць!
— Едзьмо далей, Тарас!
Селі, паехалі.
Едуць усё, едуць, між сабою гутараць, Свае піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць, Конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць.
Уехалі ў вёску.
Бачаць, — усе хаты без вакон. А з аднэй хаты і старыя і малыя з рожнымі начыньнямі, — хто з рашатом, хто з вядром, хто з дайніцаю, хто з цабэркам, хто з дзяжой, або проста з векам ад яе, — выбягуць на вуліцу, зачэрпаюць паветра, нібы ваду, прыкрыюць радном і зноў бягуць у хату, і гэтак усё бегаюць і бегаюць, быццам на пажары.
Зацікавіліся Панас з Тарасам!