— 16 —
Назаўтрае, чуць золак, ўсталі Панас з Тарасам, збудзілі гаспадара, пайшлі ў старую хату, злажылі там камянку, прыладзілі палок. Нацеплілі лазьню, нанасілі бочку вады, нагрэлі яе камянямі, навязалі бярозавых венічкаў і давай самі парыцца.
Глядзяць мазурэ і дзівяцца. А потым самі давай гэтак рабіць. Упадабалася мазуром лазьня! Не надзякуюцца яны добрым людзям, „блізкім суседзям“.
— Ну, Тарас, наша падарожа, як я бачу, што раз ўсе цікавейшая, што раз, то ўсё лепш нам паводзіцца. Едзьмо далей!
Селі, паехалі.
Едуць, сабе едуць, між сабой сьмяюцца, гутараць. Свае піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць. Конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць.
Прыязджаюць зноў у вёску. А быў якраз сьвяточны дзень.
Бачаць, аж з аднэй хаты людзі ўсё бегаюць то у сьвіран, то са сьвірну назад у хату: і усё — па чародзе, пачынаючы з гаспадара і канчаючы самым наймалодшым. Сноўдаюцца сюды й туды, быццам мурашкі ў мурашніку.
Прыстакнулі Панас з Тарасам, узіраюцца.
Бачаць, што кожды бяжыць у сьвіран і назад у хату з шылам у руцэ.
Зацікавіліся падарожныя.
— Што вы робіце, людцэ добрыя? — пытаюцца яны ў гаспадыні.
— А ці-ж ня ведаеце? Аладкі з мёдам ямо!
— Ну, то чаго вы бегаеце, калі аладкі ясьце? Сеў каля стала, — і еш сабе!
— А як-жа сядзець, калі аладкі ў хаці, а мёд у сьвірні?