Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падаць напіцца бабулі — і тое лянуецца. А я сам стары: куды ўжо мне!

— Ці не перавезці яе да мяне ў больніцу?

— Не! Навошта ў больніцу! Усё-ж адно паміраць. Пажыла даволі; відаць, такая ўжо боская воля. З ляжанкі не сыходзіць. Дзе-ж ёй у больніцу! Яе пачнуць падымаць, яна і памрэ.

— Ох, — застагнала хворая: — панічка ты мая прыгожая, сіротачку ты маю не пакінь; паны нашы далёка, а ты...

Старэнькая змоўкла. Яна гаварыла праз сілу.

— Не турбуйся, — прамовіла Александра Паўлаўна, — усё будзе зроблена. Вось, я табе чаю і цукру прынесла. Калі захочацца, напіся... Самавар-жа ў вас ёсць? — дадала яна, зірнуўшы на старога.

— Самавар? Самавара ў нас няма, а дастаць можна.

— Так дастань, альбо я прышлю свой. Ды накажы ўнучцы, каб яна не адлучалася. Скажы ёй, што гэта сорамна.

Стары нічога не сказаў, а скрутак з чаем і цукрам узяў у абедзве рукі.

— Ну, бывай, Матруна! — праказала Александра Паўлаўна: — я да цябе яшчэ прыду, а ты не тужы і лякарства прымай акуратна.

Старая прыпадняла галаву і пацягнулася да Александры Паўлаўны.

— Дай, панічка, ручку, — ледзь чутна сказала яна.

Александра Паўлаўна не дала ёй рукі, нахілілася і пацалавала яе ў лоб.

— Глядзі-ж, — сказала яна, адыходзячы, старому: лякарства ёй давайце абавязкова, як напісана. І чаем яе напаіце...

Стары ізноў ёй нічога не адказаў і толькі пакланіўся.