Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

асабліва пасля таго, што адбылося ўчора. Я не магу растлумачыць вам, што менавіта прымушае мяне зрабіць так: але мне чамусьці здаецца, што я павінен паведаміць вам пра мой ад'езд. Вы мяне не любіце, і нават лічыце мяне за нядобрага чалавека. Я не намеран апраўдвацца: мяне апраўдае час. Па-мойму, і няварта мужчыны, і бескарысна даказваць чалавеку з прадузятым поглядам несправядлівасць яго пераконанняў. Хто захоча мяне зразумець, той прабачыць мяне, а хто зразумець не хоча, альбо не можа — абвінавачанні таго мяне не закранаюць. Я ашукаўся адносна вас. У маіх вачах вы, як і раней, застаецеся шляхетным і сумленным чалавекам; але я думаў, вы можаце стаць вышэй за тое асяроддзе, у якім развіліся... Я ашукаўся. Што рабіць?! Не ўпершыню і не ў апошні раз. Паўтараю вам: я ад'язджаю. Жадаю вам шчасця. Згадзіцеся, што гэта жаданне зусім шчыраe, і спадзяюся, што вы цяпер будзеце шчаслівы. Можа быць, з часам зменіце свой погляд на мяне. Ці ўбачымся мы калі-небудзь, не ведаю, але, ва ўсякім выпадку, застаюся шчыра вас паважаючы. Д. Р.

"P.S. Пазычаныя мною ў вас двесце рублёў я вышлю, як толькі прыеду да сябе ў вёску, у Т...ую губерню. Таксама прашу вас не гаварыць Дар'і Міхайлаўне пра гэты ліст".

"P.P.S. Яшчэ адна апошняя, але важная просьба: паколькі я зараз ад'язджаю, то, я спадзяюся, вы не будзеце ўспамінаць Натальі Алексееўне пра маё наведанне ў вас...

— Ну, што ты скажаш? — спытаў Валынцэў, як толькі Лежнёў скончыў ліст.

— Што тут сказаць! — адказаў Лежнёў: — усклікнуць па-ўсходняму: "Алах! Алах!" і пакласці ў рот палец здзіўлення — вось усё, што можна зрабіць. Ён ад'язджае... Ну! папутны вецер у спіну... Але