Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вас з першага дня нашага знаёмства — вы гэта маглі заўважыць. Я праводзіў з вамі гадзіны за гадзінамі, і я не пазнаў вас; я наўрад ці нават стараўся пазнаць вас... і я мог уявіць сабе, што пакахаў вас!! За гэты грэх я цяпер пакараны.

"Я і раней кахаў адну жанчыну, і яна мяне кахала... Пачуццё маё да яе было складана, як і яе да мяне; але таму, што яна сама не была простая, яно і прышлося дарэчы. Праўда мне тады не сказалася: я не пазнаў яе і цяпер, калі яна з'явілася перада мной... Я яе пазнаў, нарэшце, але залішне позна... Мінулага не звернеш... Нашы жыцці маглі б зліцца і не зліюцца ніколі. Як давесці вам, што я мог-бы пакахаць вас сапраўдным каханнем — каханнем сэрца, не ўяўлення, — калі я сам не ведаю, ці здолен я на такое каханне!

"Мне прырода дала шмат — я гэта ведаю, і з фальшывага сораму не буду скромнічаць перад вамі, асабліва цяпер, у такія горкія, у такія ганебныя для мяне хвіліны... Так, прырода мне шмат дала; але я памру, не зрабіўшы нічога вартага сіл маіх, не пакінуўшы за сабою ніякага карыснага следу. Усё мае багацце загіне дарэмна: я не ўбачу пладоў ад семя свайго. Мне не стае... я сам не магу сказаць, чаго менавіта не стае мне... Мне не стае, мабыць, таго, без чаго таксама не можна кіраваць сэрцам людзей, як і авалодаць жаночым сэрцам; а панаванне над аднымі розумамі і не стала, і бескарысна. Дзіўны, амаль камічны мой лёс: я аддаюся увесь, з прагнасцю, зусім — і не магу аддацца. Я скончу тым, што ахвярую сябе за якое-небудзь глупства, у якое нават верыць не буду... Божа мой! у трыццаць пяць год усё яшчэ збірацца нешта зрабіць!..

"Я яшчэ ні перад кім так не выказваўся — гэта мая споведзь.