Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і твар яго прыняў сур'ёзны выраз: — паслухайце: вы ведаеце, і жонка мая ведае, што я за апошні час асаблівай прыхільнасці да Рудзіна не адчуваў і нават проста асуджваў яго. З усім тым (Лежнёў разліў шампанскае па бакалах) вось што я вам прапаную: мы зараз пілі за здароўе дарагога нашага брата і яго нарачонай; я прапаную вам выпіць цяпер за здароўе Дзімітрыя Рудзіна!

Александра Паўлаўна і Пігасаў з здзіўленнем паглядзелі на Лежнева, а Басістаў, устрапянуўся ўвесь, пачырванеў з радасці і вочы вытарашчыў.

— Я ведаю яго добра, — зноў сказаў Лежнёў — заганы яго мне добра вядомы. Яны тым больш выступаюць звонку, што сам ён не дробны чалавек.

— Рудзін — геніяльная натура! — падхапіў Басістаў.

— Геніяльнасць у ім, магчыма, ёсць, — адказаў Лежнёў; — а натура... У тым-та і ўся яго бяда, што натуры ў яго, прынамсі, няма... Але не ў гэтым рэч. Я хачу гаварыць пра тое, што ў ім ёсць добрага, рэдкага. У ім ёсць энтузіязм; а гэта паверце мне, флегматычнаму чалавеку, найкаштоўнейшая якасць у наш час. Мы ўсе зрабіліся нязносна разважлівыя, абыякавыя і млявыя; мы заснулі, мы застылі, і дзякуй таму, хто хоць на хвіліну нас узварушыць і сагрэе! Пара! Памятаеш, Саша, я раз гаварыў з табою пра яго і дакараў яго ў холаднасці. Я быў і справядлівы і несправядлівы тады. Холаднасць гэтая ў яго ў крыві — гэта не яго віна — а не у галаве. Ён не актор, як я называў яго, не ашуканец, не круцель; ён жыве на чужы кошт не як пралаза, а як дзіця... Так, ен, сапраўды, памрэ дзе небудзь у галечы і ў беднаце; але няужо-ж і за гэта кідаць у яго каме-