Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вып'ем, — сказаў ён: — дзякую табе, браце, вып'ем.

Лежнёў і Рудзін выпілі па келіху.

Ты ведаеш, — пачаў зноў, з націскам на слове „ты“, і з усмешкаю, Рудзін: — ва мне сядзіць нейкі чарвяк, які грызе мяне і смокча, і не дасць мне супакоіцца да канца. Ён наштурхоўвае мяне на людзей, — яны спачатку падпадаюць пад мой ўплыў, а потым...

Рудзін правёў рукою ў паветры.

— З таго часу, як я развітаўся з вамі... з табою, я шмат зазнаў і перажыў... Пачынаў я жыць, браўся за новае разоў дваццаць — і вось бачыш!

— Вытрыманасці ў табе не было, — праказаў, як-бы сам сабе, Лежнёў.

— Як ты кажаш, вытрыманасці ва мне не было. Будаваць я ніколі нічога не ўмеў; ды і не жарты, браце, будаваць, калі і глебы пад нагамі няма, калі самому даводзіцца ўласны свой фундамент ствараць! Усіх маіх прыгод, ці, уласна кажучы, усіх маіх няўдач, я табе апісваць не буду. Перадам табе два-тры выпадкі... тыя выпадкі з майго жыцця, калі, здавалася, поспех ужо ўсміхнуўся мне, або не, калі я пачынаў спадзявацца на поспех, — што не зусім тое самае...

Рудзін адкінуў назад свае сівыя і ужо жыдкія валасы тым самым рухам рукі, якім некалі адкідваў сваю цёмную і густую чупрыну.

— Ну, слухай, — пачаў ён. — Сышоўся я ў Маскве з адным даволі дзіўным чалавекам. Ён быў вельмі багаты і ўладаў абшырнымі маёнткамі; не служыў. Галоўная, адзіная яго манія была любоў да навукі, да навукі наогул. Да гэтага часу не магу я ўцяміць, чаму гэтая манія ў ім праявілася! Так яна была яму да твара, як карове сядло. Сам ён на сілу трымаўся на вышыні розуму і гаварыць амаль