Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Інспектар, з якім я адразу не паладзіў, падбухторыў супроць мяне дырэктара; вышла сцэна, я не хацеў спусціць, пагарачыўся, справа дайшла да ведама начальства; я вымушан быў выйсці ў адстаўку. Я гэтым не абмежаваўся, я хацеў паказаць, што са мною нельга абыходзіцца так... але са мною можна было абыходзіцца, як хто хацеў... Я цяпер павінен выехаць адсюль.

Наступіла маўчанне. Абое прыяцелі сядзелі, панурыўшы галовы.

Першы загаварыў Рудзін.

— Так, брат, — пачаў ён: — я цяпер магу сказаць з Кальцова: "Да чаго ты, мая маладосць, давяла мяне, дамыкала, што ўжо кроку ступіць некуды"... А тым часам, няўжо-ж я ні навошта не быў здатны, няўжо для мяне так-такі няма прызначэння на зямлі? Часта я задаваў сабе гэтае запытанне, і як, я ні стараўся сябе знізіць ва ўласных вачах, не мог-жа я не адчуваць у сябе наяўнасці сіл, не ўсім людзям дадзеных! Чаму-ж гэтыя сілы застаюцца бясплённымі? І вось яшчэ што: памятаеш, калі мы з табой былі за граніцай, я быў тады саманадзейны і фальшывы... Праўда, я тады ясна не ўсведамляў, чаго я хацеў, я ўпіваўся словамі і верыў у мары; але цяпер, клянуся табе, я магу ўголас перад усімі выказаць усё, чаго я жадаю. Мне хаваць абсалютна няма чаго: я зусім, і ў самай сутнасці слова, чалавек добрасумленны, я сміраюся, хачу дастасавацца да абставін, хачу малога, хачу дасягнуць мэты блізкай, прынесці хаця маленькую карысць. Не! не ўдасца! Што гэта значыць? Што перашкаджае мне жыць і дзейнічаць, як іншыя?.. Я толькі пра гэта цяпер і мару. Але толькі паспею я ўвайсці ў пэўнае становішча, застанавіцца на пэўным пункце, лёс мой так і сапрэ мяне з яго прэч... Я пачаў баяцца яго,