Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

скрывіла і знявечыла яго, і без таго мізэрную, постаць; але для таго, хто ўмеў не спыняцца на першых уражаннях, нешта добрае, сумленнае, штосьці незвычайнае прыкмячалася ў гэтым напалову зруйнаваным стварэнні. Прыхільнік Баха і Гендэля, знаўца сваёй справы, адароны жывым выабражэннем і той смеласцю думкі, якая даступна аднаму германскаму народу, Лем з часам — хто ведае? — стаў-бы ў шэрагу вялікіх кампазітараў сваёй бацькаўшчыны, калі-б жыццё інакш яго павяло; але не пад шчаслівай зоркай ён нарадзіўся! Ён шмат напісаў на сваім вяку — і яму не ўдалося ўбачыць ні аднаго свайго твора выдадзеным: не ўмеў ён узяцца за справу, як належыла, пакланіцца дарэчы, паклапаціцца ў час. Неяк, даўным-даўно таму назад, адзін яго прыхільнік і сябра, таксама немец і таксама бедны, выдаў за свой рахунак дзве яго санаты, — ды і тыя засталіся цалкам у сутарэннях музычных магазінаў; глуха і бясследна праваліліся яны, нібы іх ноччу нехта ў раку кінуў. Лем, нарэшце махнуў рукой на ўсё; да таго-ж і гады бралі сваё; ён зачарсцвеў, здранцвеў, як пальцы яго здранцвелі. Адзін з старой кухаркай, узятай з багадзельні (ён ніколі жанаты не быў), пражываў ён у О…, у невялікім доміку, недалёка ад Каліцінскага дома; шмат гуляў, чытаў біблію ды збор пратэстанскіх псальмаў, ды Шэкспіра ў Шлегелеўскім перакладзе. Ён даўно нічога не пісаў; але відаць Ліза, лепшая яго вучаніца, умела яго расшавяліць; ён напісаў для яе кантату, пра якую спамянуў Паншын. Словы гэтай кантаты былі ім запазычаны з збора псальмаў; некаторыя вершы ён сам прыдумаў. Яго спявалі два хоры, — хор шчасліўцаў і хор нешчасліўцаў; абое яны да канца пагаджаліся і спявалі разам: „Божа міласердны, злітуйся над намі грэшнымі і аджані ад нас усякія