Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сядайце, сядайце, мой дарагі Фёдар Іваныч. Ах, як я рада! Дазвольце, па-першае, пазнаёміць вас з маёю дачкою, Лізаю…

— Я ўжо сам адрэкамендаваўся Лізавеце Міхайлаўне, — перапыніў яе Лаўрэцкі.

— Мс‘ё Паншын… Сергей Петровіч Гедэонаўскі… Ды сядайце-ж! Гляджу я на вас і, праўда, нават вачам не веру. Як здароўе ваша?

— Як бачыце: працвітаю. Ды і вы, кузіна, — як-бы вас не сурочыць, — не пахудалі за гэтыя восем год.

— Як падумаеш: сколькі часу не бачыліся, — задумліва праказала Мар‘я Дзімітраўна. — Вы адкуль цяпер? Дзе вы пакінулі… прынамсі я хацела сказаць, — спешна паправілася яна: — я хацела сказаць, ці надоўга вы да нас?

— Я прыехаў цяпер з Берліна, — адказаў Лаўрэцкі: — і заўтра-ж адпраўляюся ў вёску, — мабыць надоўга.

— Вы, вядома, у Лаўрыках будзеце жыць?

— Не, не ў Лаўрыках; а ёсць у мяне, вёрст за дваццаць пяць адсюль, вёска; так я туды еду.

— Гэта вёска, што вам ад Глафіры Петроўны дасталася?

— Тая самая.

— Змілуйцеся, Фёдар Іваныч! У вас у Лаўрыках такі цудоўны дом.

Лаўрэцкі ледзь-ледзь нахмурыў бровы.

— Так… але і ў той вёсцы ёсць флігелёк; а мне покуль больш нічога не трэба. Гэта месца — для мяне цяпер самае выгоднае.

Мар‘я Дзімітраўна зноў да таго замяшалася, што нават выпрасталася і рукі развяла. Паншын прышоў ёй на дапамогу і распачаў гутарку з Лаўрэцкім. Мар‘я Дзімітраўна супакоілася, апусцілася на спінку крэсла і толькі зрэдку ўстаўляла сваё слоўца; але пры гэтым так жаласліва глядзела