Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дваццаць тры гады; як страшна, як непрыкметна хутка пранесліся гэтыя дваццаць тры гады!.. Жыццё адкрывалася перад ім.

ХІI

Пахаваўшы бацьку і даручыўшы той самай нязменнай Глафіры Петроўне загадванне гаспадаркай і нагляд за прыказчыкамі, малады Лаўрэцкі адправіўся ў Маскву, куды вабіла яго цёмнае, але моцнае пачуццё. Ён прызнаваў заганы свайго выхавання і меркаваў па магчымасці звярнуць прапушчанае. За апошнія пяць год ён шмат прачытаў і шмат што ўбачыў; шмат думак перабыло ў яго галаве; любы прафесар пазайздросціў-бы некаторым яго ведам, але тым часам ён не ведаў шмат чаго, што кожнаму гімназісту даўным-даўно вядома. Лаўрэцкі прызнаваў, што ён не свабодны; ён у глыбіні душы адчуваў сябе дзіваком. Нядобра пажартаваў англаман з сваім сынам; капрызнае выхаванне прынесла свае плады. Доўгія гады ён бяздумна схіляўся перад сваім бацькам; калі-ж, нарэшце, ён распазнаў яго, справа ўжо была зроблена, прывычкі ўкараніліся. Ён не ўмеў сыходзіцца з людзьмі: дваццаці трох год ад роду, з непераможнаю прагнасцю кахання ў сарамлівым сэрцы, ён яшчэ ні адной жанчыне не адважыўся зірнуць у вочы. Пры яго розуме, ясным і здаровым, але крыху цяжкім, пры яго нахіле да ўпартасці, сузірання і ляны, яму-б належыла з ранніх год трапіць у вір жыцця, а яго пратрымалі ў штучнай адзіноце… І вось, зачараванае кола разышлося, а ён усё яшчэ стаяў на адным месцы, замкнёны і сціснуты ў самім сабе. Смешна было ў яго гады надзець студэнцкі мундзір; але ён не баяўся кпінаў: яго спартанскае выхаванне хоць на тое прыдалося,