Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разну плугам. І якая моц вакол, якое здароўе ў гэтай бяздзейнай цішыні! Вось тут, пад акном, прысадзісты лапух лезе з густой травы; над ім выцягвае зара сваю сочную цявіну, багародзіцыны слёзкі яшчэ вышэй выкідваюць свае ружовыя кудры; а там, далей, у палях, блішчыцца жыта, і ўжо авёс пайшоў у трубачку, і шырыцца ва ўсю шырыню сваю кожны ліст на кожным дрэве, кожная траўка на сваім сцябле. „На жаночае каханне пайшлі мае лепшыя гады“, — не перастае думаць Лаўрэцкі: — „няхай-жа выцвярэзіць мяне тут нуда, хай супакоіць мяне, падрыхтуе да таго, каб і я здолеў не спяшаючыся рабіць справу“. Ён зноў бярэцца прыслухоўвацца да цішыні, нічога не чакаючы, — і тым часам нібыта без перастанку чакаючы нечага: цішыня ахутвае яго з усіх бакоў; сонца коціцца ціха па спакойным сінім небе, і воблакі ціха плывуць па ім; здаецца, яны ведаюць, куды і навошта яны плывуць. Тым самым часам, у другіх месцах на зямлі, кіпела, спяшалася, грукацела жыццё; тут тое-ж самае жыццё плыло нячутна як вада па балотных травах; і да самага вечару Лаўрэцкі не мог адарвацца ад сузірання гэтага адыходзячага, уплываючага жыцця; туга аб мінулым таяла ў яго душы, як вясенні снег — і, дзіўная рэчі! — ніколі не было ў ім так глыбока моцна пачуццё радзімы.

ХХІ

У працягу двух тыдняў Фёдар Іваныч упарадкаваў домік Глафіры Петроўны, расчысціў двор, сад; з Лаўрыкаў прывезлі яму выгодную мэблю, з гораду віно, кнігі, журналы; на стайні з‘явіліся коні; словам, Фёдар Іваныч абсталяваўся ўсім неабходным і пачаў жыць — ці то памешчыкам,