Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

магчыма так і ён гуляў у Пецербургу з якім-небудзь выдатным саноўнікам, якому жадаў надаць выгодны погляд пра сваю сталасць і спеласць. „Сто адзін, сто два, чырва, сто тры“, мерна гучэў яго голас, і Лаўрэцкі не мог зразумець, чым ён гучэў: дакорам ці самаздавальненнем.

— Можна бачыць Марфу Цімафееўну? — запытаў ён, прыкмячаючы, што Паншын яшчэ з большай ганарлівасцю браўся картаваць калоду. Мастака ў ім ужо не прыкмячалася і ценю.

— Я думаю, можна. Яна ў сябе, наверсе, — адказала Мар‘я Дзімітраўна: — даведайцеся.

Лаўрэцкі адправіўся наверх. І Марфу Цімафееўну ён застаў за картамі: яна гуляла ў дурня з Настассяй Карпаўнай. Роска забрахала на яго; але абедзве бабулі ветліва яго прынялі; асабліва Марфа Цімафееўна здавалася была ў гуморы.

— А! Федзя! Калі ласка, — праказала яна: — сядай, мой пане. А мы зараз дагуляем. Хочаш варэння? Шурачка, дастань яму слоік з клубніцамі. Не хочаш? Ну, дык сядзі так, а курыць — не куры, не магу я табакі вашай вытрываць, ды і Матрос ад яе чхае.

Лаўрэцкі паспяшаўся сказаць, што зусім не жадае курыць.

— Быў ты ўнізе? — не пераставала бабуля: — каго там бачыў? Паншын усё там тырчыць? А Лізу не бачыў? Не? Яна сюды хацела прысці… Ды вось і яна, лёгкая на ўспамін.

Ліза ўвайшла ў пакой і, убачыўшы Лаўрэцкага пачырванела.

— Я да вас на хвілінку, Марфа Цімафееўна, — пачала-была яна…

— Навошта на хвілінку? — адказала бабуля. — Што гэта вы ўсе, маладыя дзяўчаты, за непаседы