Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/319

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

залася моцна, на ўсё жыццё — і не баялася пагроз; яна адчувала, што гвалтам не можна разарваць гэтай сувязі.

ХХХІХ

Мар‘я Дзімітраўна вельмі устрывожылася, калі ёй паведамілі аб прыездзе Варвары Паўлаўны Лаўрэцкай; яна нават не ведала — ці прыняць яе, яна баялася абразіць Фёдара Іваныча. Нарэшце, цікавасць перамагла. Што-ж? — падумала яна: яна-ж таксама родная, — і, сеўшы ў крэсла, сказала лёкаю: прасі! Прайшло некалькі хвілін, дзверы адчыніліся; Варвара Паўлаўна хутка, ледзь чутнымі крокамі наблізілася да Мар‘і Дзімітраўны і, не даваючы ёй устаць з крэсла, амаль схіліла перад ёю калені.

— Дзякую, цётачка; — пачала яна кранутым і ціхім голасам па-руску: — дзякую; я не спадзявалася на такую спагадлівасць з вашага боку; вы добрыя, як анёл.

Сказаўшы гэтыя словы, Варвара Паўлаўна нечакана заўладала адной рукой Мар‘і Дзімітраўны і, злёгку сціснуўшы яе ў сваіх бледналілавых жувенеўскіх пальчатках, лісліва паднесла яе да ружовых і поўных губ. Мар‘я Дзімітраўна зусім згубілася, убачыўшы такую прыгожую, пекна адзетую жанчыну амаль каля ног сваіх; яна не ведала, як ёй быць: і руку сваю яна ў яе адабраць хацела, і пасадзіць яе яна жадала, і сказаць ёй што-небудзь ласкавае; яна скончыла тым, што прыпаднялася і пацалавала Варвару Паўлаўну ў гладкі і душысты лоб. Варвара Паўлаўна ўся самлела пад гэтым пацалункам.

— Добрага здароўя, bonjour, — сказала Мар‘я Дзімітраўна: — канечна, я не ўяўляла… аднак, я,