Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/326

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сільфіда! — паўтарыў Гедэонаўскі і падняў вочы ў неба.

Настаў час абеда. Марфа Цімафееўна сышла зверху, калі ўжо суп стаяў на стале. Яна вельмі суха абышлася з Варварай Паўлаўнай, адказвала поўсловамі на яе ласкавасці, не глядзела на яе. Варвара Паўлаўна сама хутка зразумела, што з гэтай бабулі карысці не будзе, і перастала загаварваць з ёю; але Мар‘я Дзімітраўна зрабілася яшчэ ласкавей з сваёй госцяй: няветлівасць цёткі яе раззлавала. Аднак, Марфа Цімафееўна ні на адну Варвару Паўлаўну не глядзела: яна і на Лізу не глядзела, хаця вочы так і блішчэлі ў яе. Яна сядзела, як каменная, уся жоўтая, бледная, з сціснуты губамі — і не ела нічога. Ліза здавалася спакойнай; і, праўда: у яе на душы цішэй зрабілася; дзіўная безадчувальнасць, безадчувальнасць асуджанага найшла на яе. За абедам Варвара Паўлаўна гаварыла мала: яна нібы зноў зрабілася нясмелай і распаўсюдзіла на твары сваім выгляд скромнай меланхоліі. Адзін Гедэонаўскі ажыўляў гутарку сваімі расказамі, хаця раз-у-раз палахліва пазіраў на Марфу Цімафееўну і пырхаў, — пярхота нападала на яго штораз, калі ён у яе прысутнасці збіраўся хлусіць, — але яна яму не перашкаджала, не перапыняла яго. Пасля абеда выявілася, што Варвара Паўлаўна вялікая аматарша прэферанса. Мар‘і Дзімітраўне гэта да таго спадабалася, што яна нават расчулілася і падумала сама сабе: „які-ж, аднак, дурны павінен быць Фёдар Іваныч! не ўмеў такую жанчыну зразумець!“

Яна села гуляць у карты з ёю і Гедэонаўскім, а Марфа Цімафееўна павяла Лізу да сябе наверх, сказаўшы, што на ёй твара няма, што ёй, мабыць, баліць галава.

— Так, ёй страшэнна галава баліць, — праказала