Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/342

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ах, Ліза, Ліза! — усклікнуў Лаўрэцкі: — як-бы вы маглі быць шчаслівы!

Ліза зноў зірнула на яго.

— Цяпер вы самі бачыце, Фёдар Іваныч, што шчасце залежыць не ад нас, а ад бога.

— Так, таму што вы…

Дзверы суседняга пакоя хутка адчыніліся, і Марфа Цімафееўна ўвайшла з чапцом у руцэ.

— Насілу знайшла, — сказала яна, становячыся між Лаўрэцкім і Лізай. — Сама яго заклала. Вось што значыць старасць, бяда. А, прынамсі, і маладосць не лепей. Што, ты сам з жонкай у Лаўрыкі паедзеш? — дадала яна, звярнуўшыся да Фёдара Іваныча.

— З ёю ў Лаўрыкі? я? Не ведаю, — праказаў ён, счакаўшы крыху.

— Ты ўніз не сыйдзеш?

— Сёння — не.

— Ну, добра, як ведаеш: а табе, Ліза, я думаю, трэба было-б уніз пайсці. Ах, матулькі мае, я і забылася снегіру корму насыпаць. Ды вось, чакайце, я зараз…

І Марфа Цімафееўна выбегла, не падзеўшы чапца.

Лаўрэцкі хутка падышоў да Лізы.

— Ліза, — пачаў ён упрашваючым голасам: — мы разлучаемся назаўсёды, сэрца маё разрываецца, — дайце мне вашу руку на развітанне.

Ліза падняла галаву. Яе стомлены, амаль згаслы ўзрок спыніўся на ім.

— Не, — праказала яна і адвяла назад ужо працягнутую руку: — не, Лаўрэцкі (яна ўпершыню так яго называла), не дам я вам маёй рукі. Навошта? Адыйдзіце, прашу вас. Вы ведаеце, я вас кахаю… так, я кахаю вас, — дадала яна з патугай; — але не… не.