Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/345

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў маё становішча, якое-ж я мела права адмовіць ёй ад дому, — згадзіцеся?

— Вы дарэмна хвалюецеся, Мар‘я Дзімітраўна, — адказаў Лаўрэцкі: — вы вельмі добра зрабілі; я зусім не сярдую. Я зусім не намеран пазбаўляць Варвару Паўлаўну магчымасці бачыць сваіх знаёмых; сёння я не ўвайшоў да вас толькі таму, што не хацеў сустрэцца з ёю — вось і ўсё.

— Ах, як мне прыемна чуць гэта ад вас, Фёдар Іваныч, — усклікнула Мар‘я Дзімітраўна: — аднак, я заўсёды гэтага чакала ад вашых шляхетных пачуццяў. А што я хвалююся — гэта не дзіва: я жанчына і маці. А ваша жонка… зразумела, я не магу судзіць вас з ёю — гэта я ёй самой сказала; але яна такая ласкавая дама, што апрача задавальнення нічога даставіць не можа.

Лаўрэцкі ўсміхнуўся і пагуляў капелюшом.

— І вось што я хацела вам яшчэ сказаць, Фёдар Іваныч, — гаварыла далей Мар‘я Дзімітраўна, злёгку падсоўваючыся да яго: — калі-б вы бачылі, як яна скромна сябе трымае, якая ўважлівая! — сапраўды, гэта нават жаласліва. А калі-б вы чулі, як яна пра вас выказваецца! Я, кажа, перад ім цалкам вінавата; я не ўмела цаніць яго; гэта, кажа, анёл, а не чалавек. Праўда, так і кажа: анёл. Раскаянне ў яе такое… Я, далі-бог, і не бачыла такога раскаяння!

— А што, Мар‘я Дзімітраўна, — праказаў Лаўрэцкі: — дазвольце пацікавіцца: кажуць, Варвара Паўлаўна ў вас спявала; у часе свайго раскаяння яна спявала, — альбо як?..

— Ах, як вам не сорамна так гаварыць! Яна спявала і іграла для таго толькі, каб дагадзіць мне, бо я настойліва яе прасіла аб гэтым, амаль загадвала ёй. Я бачу, што ёй цяжка, так цяжка; думаю, чым-бы яе забавіць — ды і чула я, што