Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/356

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і касынку. — Гэта табе толькі так, згарача здаецца, што гору твайму пасабіць не можна. Эх, душа мая. На адну смерць лякарства няма! Ты толькі вось скажы сабе: „не паддамся-ж я, — ну яго!“ і сама потым толькі здзівішся, — як яно хутка, хораша праходзіць. Ты толькі пацярпі.

— Цётачка, — адказала Ліза: — яно ўжо прайшло, усё прайшло.

— Прайшло? якое прайшло! Вось, у цябе носік нават завастрыўся, а ты кажаш: прайшло. Хораша: прайшло!

— Так, прайшло, цётачка, калі вы толькі захочаце мне дапамагчы, — прамовіла з нечаканым ажыўленнем Ліза і кінулася на шыю Марфе Цімафееўне. — Мілая цётачка, будзьце мне сябрам, дапамажыце мне; не гневайцеся, зразумейце мяне…

— Ды што такое, што такое, маці мая? Не палохай мяне, калі ласка; я зараз закрычу, не глядзі так на мяне; гавары хутчэй, што такое.

— Я… я хачу… — Ліза схавала свой твар на грудзях Марфы Цімафееўны… Я хачу ісці ў манастыр, — праказала яна глуха.

Бабулька так і падскокнула на ложку.

— Перахрысціся, маці мая, Лізачка, схамяніся: што ты гэта, бог з табою, — пралапатала яна нарэшце: — ляж, галубачка, засні крышку; гэта ўсё ў цябе ад бяссонніцы, душа мая.

Ліза падняла галаву; шчокі яе палалі.

— Не, цётачка, — праказала яна: — не гаварыце так; я наважылася, я малілася, я прасіла парады ў бога; усё скончана, скончана маё жыццё з вамі. Такі ўрок нездарма; ды я ўжо не ў першы раз пра гэта думаю. Шчасце да мяне не ішло; нават калі ў мяне былі надзеі на шчасце, сэрца ў мяня ўсё шчаміла. Я ўсё ведаю, і свае грахі і чужыя, і як татусь багацце наша нажыў; я ведаю ўсё.