Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/365

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

таму назад, у тую самую шчаслівую ноч, Лем, нябожчык Лем, прывёў яго ў такое захапленне. Потым Лаўрэцкі перайшоў у гасціную і доўга не выходзіў з яе: у гэтым пакоі, дзе ён так часта бачыў Лізу, жывей узнікаў перад ім яе вобраз; яму здавалася, што ён адчуваў вакол сябе сляды яе прысутнасці; але сум аб ёй быў тужлівы і не лёгкі: у ім не было цішыні, якую навявае смерць. Ліза яшчэ жыла недзе, глуха, далёка; ён думаў пра яе, як пра жывую, і не пазнаваў дзяўчыны, ім калісьці каханай, у той няяснай, бледнай здані, прыбранай у чарнецкае адзенне, акружанай дымнымі хвалямі ладану. Лаўрэцкі сам-бы сябе не пазнаў, калі-б мог так зірнуць на сябе, як у думках зірнуў на Лізу. У працягу гэтых васьмі год адбыўся, нарэшце, пералом у яго жыцці, той пералом, якога многія не адчуваюць, але без якога нельга застацца прыстойным чалавекам да канца: ён сапраўды перастаў думаць пра ўласнае шчасце, пра карысць для сябе. Ён сціх, і — навошта хаваць праўду? — пастарэў не адным тварам і целам, пастарэў душою; захаваць да старасці сэрца маладым, як кажуць некаторыя, і цяжка, і амаль смешна; той ужо можа быць задаволен, хто не страціў веры ў дабро, сталасць волі, заахвочанасці да працы. Лаўрэцкі меў права быць здаволеным: ён зрабіўся сапраўды добрым гаспадаром, сапраўды навучыўся араць зямлю і працаваў не для аднаго сябе, ён наколькі мог, забяспечыў і ўсталяваў побыт сваіх сялян.

Лаўрэцкі вышаў з дома ў сад, сеў на знаёмай яму лавачцы — і на гэтым дарагім месцы, перад тым домам, дзе ён у апошні раз дарэмна працягваў свае рукі да запаветнага кубка, у якім кіпіць і грае залатое віно асалоды, — ён, адзінокі, беспрытульны вандроўнік, пад далятаўшыя да яго