Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А! вось бачыце... Так абяцайце-ж мне, што вы адновіце з ім знаёмства, пазнаеце яго харашэнька і тады ўжо скажаце мне свой канчатковы погляд на яго.

— Калі ласка... Але што-ж ты маўчыш, Сергей Паулыч? — Валынцэў уздрыгнуў і падняў галаву, нібыта яго абудзілі.

— Што мне гаварыць? Я яго не ведаю. Да таго-ж мне сёння галава баліць.

— Ты, сапраўды, нешта бледны сёння, — заўважыла Александра Паўлаўна: — ці не хворы ты?

— Мне галава баліць, — паўтарыў Валынцэў і вышаў вон.

Александра Паўлаўна і Лежнёў паглядзелі яму ўслед і абмяняліся зрокам, але нічога не сказалі адзін аднаму. Ні для яго, ні для яе не было сакрэтам, што рабілася ў сэрцы Валынцэва.

VI

Прайшло два месяцы з лішкам. На працягу ўсяго гэтага часу Рудзін амаль не выязджаў ад Дар'і Міхайлаўны. Яна не магла абыйсціся без яго. Расказваць яму пра сябе, слухаць яго разважанні зрабілася для яе неабходнасцю. Ён, аднойчы, хацеў выехаць, з той прычыны, што ў яго вышлі ўсе грошы: яна дала яму пяцьсот рублёў. Ён пазычыў таксама ў Валынцэва рублёў дзвесце. Пігасаў болей рэдка, як раней, наведваў Дар'ю Міхайлаўну: Рудзін душыў яго сваёй прысутнасцю. Прынамсі ўціск гэты адчуваў не адзін Пігасаў.

— Не люблю я гэтага разумніка, — не раз гаварыў ён: — выказваецца ён ненатуральна, ні даць, ні ўзяць, асоба з рускай аповесці; скажа я, і расчулены застановіцца... "Я, моў, я..." Словы ўжывае ўсе такія доўгія. Ты чыхнеш, — ён табе