зваляцца з неба, зямля ўтоне ў моры, полымя будзе шыбаць да неба.
Пасьля ўзноў зямля ўсплывéць з хваляў і ад аднае пары людзей, якія, дзякуючы сваёй празорлівасьці астануцца цэлымі, паўстане новы, шчасьлівейшы людзкі род.
Будзе створаны новы сьвет, у якім сыны Тора і Водана разам з людзьмі будуць жыць шчасьліва.
___________
ПЕРШЫ ПЕРЫОД
Арганізаваньне германскіх гаспадарстваў.
§ 4. Перасяленьне народаў і германскія гаспадарствы на руінах Заходняе Рымскае імпэрыі.
1. Наèзд Гуннаў і падарожнічаньне Візыготаў. Германскія пляменьні, пачаўшы ад палавіны ІІ-га вéку, стараліся перайсьці мяжу Рымскага гаспадарства. Пхаў іх да гэтага несьвядомы нахіл да перамены месца, жаданьне новых уражаньняў, а наўперад лішняя гушчыня насяленьня ў краёх, дзé яны жылі дагэнуль, і вынікаючая адгэтуль галіта.
Пад канéц ІV вéку наход няведамага дагэтуль у Эўропе народу, Гуннаў, выгнаў усходніх Германцаў: Готаў, Вандалаў, Гэпідаў і Бургундаў з іх сяліб.
Гунны былі мангольскае расы і прыйшлі, здаецца, з усходняе Азіі. Малога росту і брыдкія, яны дні і ночы прабывалі на непазорных, але трывалкіх конях. Першым германскім племем, на якое напалі Гунны, былі Остготы, што жылі ля Дняпра і Дона. У 375 г. Гунны іх зваявалі і прымусілі да саюзу з сабой. Тады заходнія Готы, Візыготы, што жылі ля Днястра; ня маючы сілы працівіцца Гуннам, пачалі рупіцца аб тым, каб ім дазволілі перайсьці за Дунай і схавацца ў Рымскіх провінцыях.
Імпэратар Валенс назначыў ім на сялібы землі ў мéжах Рымскае імпэрыі ў Мэзіі (цяперашняй Баўгарыі). Тутака, дазнаўшы шмат уціску з боку прагавітых рымскіх намесьнікаў, Візыготы паўсталі з аружжам у руках. Імпэратар Валенс пайшоў на іх з войскам, каб здушыць бунт. У 378 г. пад Адрыянополем у бітве з імі Валенс быў забіты, а Візыготы кінуліся рабаваць увесь край ажно да Царгораду. Наступнік Валенса Тэадозы Вялікі ўслышыў іх і аканчальна прымусіў асéсьці у Мэзіі.