Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

камень на люстраную паверхню вады: яшчэ за мінуту яна была роўная і спакойна адбівала сьвятло сонца і сіняе неба… адзін удар — і яна ўскалыхалася да самага дна.

Цяпер ён прачхнуўся з адноўленаю душою, і яна, яго даўняя прыяцелька, зьяўлялася яму ў новым сьвятле. Успамінаючы ўсё, што адбылося ўчора, да найменшых макуліначак, ён прыслухваўся з зьдзіўленьнем да тону яе „новага“ голасу, які адбудавала ў яго памяці ўяўленьне. „Палюбіла“… „Які ты дурны!..“

Ён шыбка ўстаў, апрануўся і па росных дарожках саду пабег да старога мліна. Вада булькацела, як учора, і гэтак-жа сама шапталіся кусты чаромхі, толькі ўчора было цёмна, а цяпер стаяла ясная сонечная раніца. І ніколі яшчэ ён не „адчуваў“ сьвятла гэтак ясна. Здавалася, што разам з пахнючаю вільгацяй, з адчуцьцём ранешняй сьвежасьці ў яго праніклі гэтыя усьмехнутыя праменьні вясёлага дня, казытаўшыя яго нэрвы.


II.

Ува ўсёй сядзібе зрабілася неяк сьвятлей і радасьней. Анна Міхайлаўна як быццам памаладзела сама, Максім часьцей жартаваў, хаця ўсё-ж такі часам з воблакаў дыму, быццам грукат праходзіўшых бокам грымотаў, разьлягалася яго гурчаньне. Ён гаварыў аб тым, што шмат хто, як відаць, лічыць жыцьцё за штось накшталт благога раману, які канчаецца вясельлем, і што ёсьць на сьвеце шмат гэткага, аб чым іншым людзям ня шкодзіла-б падумаць. Пан Папельскі, стаўшы вельмі цікавым круглым чалавекам, з роўна і прыгожа сівеўшымі валасамі і румяным тварам, заўсёды ў гэтых выпадках згаджаўся з Максімам, мусі прымаючы гэтыя словы на свой рахунак, і зараз-жа скіроўваўся па гаспадарцы, якая ў яго,