Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кнігі зусім бязбожныя. Ён таксама і пісаў нешта, але таму што яго працы ніколі не зьяўляліся ў Кур’ерку, дык ніхто і не прыдаваў ім сур’ёзнага значэньня.

У той час, калі ў вясковай хатцы зьявілася на сьвет і пачала расьці новая істота, ў коратка абстрыжаных валасох дзядзькі Максіма ўжо прабівалася серабрыстая сівізна. Плечы ад заўсёднага падпіраньня куляў падняліся, тулава набрала чатырохкутняй формы. Дзіўная павярхоўнасьць, панура стуленыя бровы, стукат куляў і стаўпы табачнага дыму, якімі ён заўсёды абкружаў сябе, не выпушчаючы з рота люлькі, — ўсё гэта палохала пастароньніх і толькі блізкія да інваліда людзі ведалі, што ў парубаным целе стукаціць гарачае і добрае сэрца, а ў вялікай чатырохкутняй галаве, з густымі цьвёрдымі валасамі, працуе няўпынная думка.

Але нават і блізкія людзі ня ведалі, над якім пытаньнем працавала гэтая думка ў той час. Яны бачылі што дзядзька Максім, абкружаны сінім дымам, праседжвае часамі цэлыя гадзіны нярухома, з атуманеным паглядам і панура стуленымі густымі бровамі. Тымчасам скалечаны ваяка думаў аб тым, што жыцьцё — барацьба, і што ў ім няма месца для інвалідаў. Яму прыходзіла да галавы, што ён назаўсёды выйшаў ужо з радоў і цяпер дарэмна завальвае сабою фурштат; яму здавалася, што ён рыцар, выбіты з сядла жыцьцём і павалены ў пыл. Ці-ж не маладушнасьць — мітусіцца ў пыле, як той раздушаны чарвяк; ці-ж не маладушнасьць — хапацца за стрэмя пераможніка, вымольваючы ў яго нікчэмную рэшту ўласнага істнаваньня?

Пакуль дзядзька Максім з халоднай мужнасьцю разважаў над гэтаю палючаю думкаю, кемячы і параўноўваючы доказы за і проці, перад яго вачыма пачала мільгацець новая істота, якой лёс судзіў зьявіцца на сьвет ужо інвалідам. Спа-