Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праз некалькі мінут над яго галавою ўзьняўся сіні вобалак дыму.

— Гм… але… блага, — вурчаў ён сабе пад нос… — Я памыліўся. Аня была пры праўдзе: можна сумаваць і пакутаваць аб тым, чаго ня зьведаў ні разу. А цяпер да інстынкту далучылася сьвядомасьць, і абое пайдуць у адным кірунку. Пракляты выпадак… А ўрэшце, шыла, як кажуць, у мяшку не схаваеш… Усё дзе-нібудзь выставіцца…

Ён зусім затануў у сівых вобалаках… У квадратнай галаве старога кіпелі нейкія думкі і новыя пастановы.


V.

Прышла зіма. Выпаў глыбокі сьнег і пакрыў дарогі, палі, вёскі. Сядзіба стаяла ўся белая, на дрэвах ляжалі пушыстыя камякі, быццам сад ізноў распусьціўся белым лісьцьцём… У вялікім каміне патрэскваў агонь, кожны, хто ўваходзіў з падворку, уносіў з сабою сьвежасьць і пах мягкага сьнегу…

Поэзія першага зімняга дня была пасвойму даступна сьляпому. Прачыхаючыся раніцай, ён адчуваў заўсёды асаблівую бадзёрасьць і пазнаваў прыход зімы па тупаньні людзей, уваходзіўшых у кухню, па скрыпеньні дзьвярэй, па вострых, ледзь даваўшыхся ўлавіць, струйках, што разьбягаліся па ўсёй хаце, па скрыпеньні шагоў на дварэ, па асаблівай „халоднасьці“ ўсіх вонкавых гукаў. І калі ён выяжджаў з Іохімам па цаліне ў поле, дык слухаў з насалодаю звонкае скрыпеньне саняў і нейкія пстрыканьні, якімі лес з-за рэчкі абменьваўся з дарогаю і полем.

На гэты раз першы белы дзень павеяў на яго толькі большым сумам. Абуўшы з раніцы высокія боты, ён пайшоў, пракладаючы пухкі сьлед па дзявочных яшчэ дарожках, да мліна.