Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пеньні, дык ён даўжэй спыняў на іх свае тонкія пальцы, і па твары яго праходзіў выраз дзіўнае ўвагі. Аднак-жа, з часам пачало выясьняцца ўсё больш і больш, што разьвіцьцё ўспрыймальнасьці ідзе, галоўным чынам, у бок слыху.

Хутка ён дасканальна вывучыў пакоі па іхніх гуках: адрозьніваў хаду хатніх, скрыпеньне крэсла пад інвалідам дзядзькаю, сухое разьмеранае шорханьне ніткі ў матчыных руках, роўнае ціканьне сьценнага гадзіньніка. Інады, поўзаючы каля сьцяны, ён моцна прыслухваўся да лёгкага, нячутнага для іншых, шорхату і, падняўшы руку, выцягваў яе за бегаўшаю па абоях мухаю. Калі спалоханая яна зьнімалася з месца і адлятала, дык на твары сьляпога зьяўляўся выраз балючай недаўменнасьці. Ён ня мог даць сабе справаздачы з таямнічага зьніканьня мухі. Але ў далейшым і ў гэткіх выпадках твар яго захоўваў выраз асьведамленае ўвагі; ён пахіляў галаву ў той бок, куды адлятала муха, — вымуштраванае вуха ўмела ўлавіць, як у паветры тонка зьвінелі яе крыльля.

Сьвет, што навокал зіхацеў, рухаўся і зьвінеў, у маленькую галоўку сьляпога праходзіў галоўным чынам у форме гукаў, і ў гэтыя формы адліваліся яго прадстаўленьні. На твары застывала асаблівая ўвага да гукаў: ніжняя сківіца крыху выцягвалася наперад на тонкай і падаўжэўшай шыі. Бровы набывалі асаблівае рухлівасьці, а прыгожыя, але нярухомыя вочы прыдавалі твару сьляпога нейкі строгі і разам за сэрца хапаўшы адбітак.

VI.

Трэцяя зіма яго жыцьця падходзіла да канца. На дварэ ўжо тануў сьнег, зьвінелі вясьняныя раўчакі і, разам з тым, здароўе хлопчыка, які зімою ўсё пахворваў і праз гэта ўсю яе правёў у пакоях, ня выходзячы на паветра, пачало папраўляцца.