Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

камі… шпарчэй, вышэй, балючэй паднімалі яны яго, закалыхвалі, люлялі… Яшчэ раз праляцела над гэтым цьмянеўшым хаосам доўгая і сумная нота чалавечага вокрыку, і затым усё адразу сьціхла.

Хлопчык ціха застагнаў і паваліўся назад на траву. Маці шпарка пахілілася да яго і таксама крыкнула: ён ляжаў на траве, зьбялеўшы, ў глыбокім абамленьні.

VIII.

Дзядзька Максім быў вельмі стрывожаны гэтым выпадкам. Ад нейкага часу ён пачаў выпісваць кнігі па фізыялёгіі, псыхолёгіі і пэдагогіцы, і з звычайнаю сваею энэргіяю заняўся вывучэньнем усяго, што дае навука ў сэнсе таямнічага росту і разьвіцьця дзіцячае душы.

Гэтая работа зацягвала яго ўсё болей і болей, і дзеля гэтага цёмныя думкі аб няздольнасьці да жыцьцёвае барацьбы, „аб чарвяку, што поўзае ў пыле“ і аб „фурштаце“, даўно ўжо незаметна выкіпелі з квадратнае галавы вэтэрана. На іх месцы запанавала ў гэтай галаве ўдумчывая ўвага, а часамі на’т і рожавыя лятуценьні грэлі старэўшае сэрца. Дзядзька Максім усё больш і больш пераконваўся, што прырода, адмовіўшая хлопчыку ў вачох, не пакрыўдзіла яго ў іншым сэнсе; гэта была істота, якая адклікалася на даступныя для яе вонкавыя ўражаньні з нязвычайнаю паўнатою і сілаю. І дзядзькаві Максіму здавалася, што ён прызваны да таго, каб разьвіць закладзеныя ў хлопчыку задаткі, каб натугай свайго розуму і свайго ўплыву ўраўнаважыць несправядлівасьць сьляпога лёсу, каб замест сябе паставіць у рады ваякоў за справу жыцьця новага рэкрута, на якога, без яго ўплыву, ніхто ня мог-бы разьлічваць.

„Хто ведае, — думаў стары гарыбальдыец, —