Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але пры гэтым здавалася, што сьляпы прыдаваў яшчэ нейкія асаблівыя свойствы кожнаму гуку: калі з-пад яго рукі вылятала вясёлая і яркая нота высокага рэгістру, дык ён паднімаў рухлівы твар, як быццам праводзячы ўгару гэтую гучную лятучую ноту. Наадварот, пры густым, ледзь чутным і глухім дрыжаньні басу ён нахіляў вуха; яму здавалася, што гэты цяжкі тон павінен абавязкова нізка разьлегчыся над зямлёю, рассыпаючыся па падлозе і губляючыся ў далейшых кутох.

ХІ.

Дзядзька Максім адносіўся да ўсіх гэтых музычных экспэрымэнтаў толькі так, што зносіў іх. Як гэта ні дзіўна, але гэтак выразна выяўленыя хлопчыкавы нахілы спараджалі ў інвалідзе дваякае пачуцьцё. З аднаго боку, моцнае імкненьне да музыкі паказвала на бяссумліўна быўшыя ў хлопчыку музычныя здольнасьці і, гэткім чынам, азначала з большага магчымую для яго будучыну. З другога — да гэтае сьвядомасьці прымешвалася ў сэрцы старога салдата неазначальнае пачуцьцё расчараваньня.

„Пэўна-ж, — разважаў Максім, — музыка таксама вялікая сіла, якая даець магчымасьць панаваць над сэрцам натаўпу. Ен, сьляпы, будзе зьбіраць сотні багата апраненых франтаў і паняў, будзе ім раз’ігрываць розныя там… вальсы і ноктюрны (праўду кажучы далей гэтых „вальсаў“ і „ноктюрнаў“ ня ішла музычная Максімава веда), а яны будуць выціраць сьлёзы хустачкамі. Эх, чорт пабяры, ня гэтага мне хацелася-б, ды што-ж рабіць! Малы сьляпенькі, дык хай-жа зробіцца ў жыцьці тым, чым можа. Толькі ўсё-ж лепш-бы ўжо песьня, ці што? Песьня прамаўляе не да адных неазначальна раздалікатненых вушэй. Яна дае вобразы, будзіць думку ў галаве і адвагу ў сэрцы.“