Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

месцы яны зараз-жа ўладзіліся пасвойму. У куце занятым абразамі, пераплеценымі плюшчом, у Яскульскае, разам з вярбою і „грамніцаю“, перахоўваліся нейкія мяшочкі з зельлямі і карэньмі, якімі яна лячыла мужа і тых, што прыходзілі да яе, вясковых бабаў ды мужыкоў. Гэтае зельле запаўняла ўсю хату асаблівым спэцыфічным прыемным пахам, які моцна зьвязваўся ў памяці кожнага, хто туды заходзіў, з успамінам аб гэтым і чыстым маленькім доміку, аб яго цішы і парадку і аб абаіх старыкох, жыўшых у ім нейкім нязвычайным у нашыя дні ціхім жыцьцём.

У таварыстве гэтых старыкоў расла іх адзіная дачка, невялікая дзеўчынка, з доўгаю русаю касою і блакітнымі вачыма, зьдзіўляўшая ўсіх з першага-ж знаёмства нейкаю дзіўнаю павагаю, разьлітаю па ўсёй яе фігуры. Здавалася, што спакойнасьць познага каханьня бацькоў адбілася ў характары дачкі гэтаю нядзіцячаю разважлівасьцю, роўнаю спакойнасьцю рухаў, задумлівасьцю і глыбінёю блакітных вачэй. Яна ніколі ня дзічылася пастароньніх, ня ўхілялася ад знаёмства з дзяцьмі і брала удзел у іхніх гульнях. Але ўсё гэта рабілася з гэткаю шчыраю прастатою, як быццам для яе асабіста гэта было зусім непатрэбна. Сапраўды, яна якнайлепш задавольвалася сваім уласным таварыствам, спацыруючы, зьбіраючы краскі, гутарачы з сваёю лялькаю, і ўсё гэта з выглядам гэткае павагі, што часамі здавалася, быццам перад вамі ня дзіця, а малюсенькая дарослая жанчына.


IV.

Аднойчы Петрык быў адзін на ўзгорачку над ракою. Сонца сядала, ў паветры стаяла цішыня, толькі мычаньне быдла, якое вярталася з вёскі, далятала сюды, памягчанае адлежнасьцю. Хлопчык толькі што пакінуў іграць і лёг на траву дагары